Карта Э.Кавэрскага

Інжынер Аляксандр Плевака з Яраслаўля падараваў Івянецкаму музею традыцыйнай культуры копію «Карты Российской Империи и сопредельных с нею государств», складзенай у 1902 г. генералам Эдвардам Кавэрскім (Edward Kowerski, 1837-1916), кіраўніком імператарскай ваенна-геадэзічнай службы.
Генерал Кавэрскі быў з 1865 г. жанаты з Эльжбетай Плевака і такім чынам зрабіўся ўладальнікам Івянца, пра развіццё якога клапаціўся. У 1904-1907 г. ён ,пераважна з уласных сродкаў, пабудаваў касцёл Св. Аляксея ў мястэчку, якое 40 гадоў да гэтага было пазбаўлена каталіцкага храму, дамогшыся гэтага права асабіста ў імператара Мікалая ІІ і назваўшы касцёл у гонар святога – нябеснага патрона царэвіча Аляксея.
Род Плевакаў, які даў таксама славутага расійскага адваката Фёдара Плеваку, валодаў Івянецкім графствам на працягу ХІХ ст. (з улікам шлюбу Эдварда Кавэрскага з Эльжбетай Плевака – да І сусветнай вайны). Сёння існуе Таварыства роду Плевака, якое аб’ядноўвае спадкаемцаў роду ў Польшчы, Расіі і іншых краінах свету, і апякуецца краязнаўчай дзейнасцю, папулярызацыяй гісторыі і сучаснасці Івянца і былога Івянецкага графства ў свеце.
На здымках: карта Э.Кавэрскага 1902 г. і момант урачыстай яе перадачы Аляксандрам Плевакам дырэктару Івенецкага музею традыцыйнай культуры Валянціне Адамовіч.

454