Творчая сустрэча з Ганнай Янкутай

1 сакавіка ў канферэнц-зале Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прайшла творчая сустрэча з перакладчыцай і пісьменніцай Ганнай Янкутай.
Ганна распавяла публіцы пра складанасці і асаблівасці перакладу, раскрыла сакрэты, схаваныя ў ілюстрацыях, змешчаных як у яе дэбютным казачным аповедзе «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў», так і на старонках перакладзеных ёй кніг. А перакладае яна, дарэчы, з англійскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс, скотс ды іншых моў. Сярод аўтараў, творы якіх былі перакладзены Ганнай Янкутай на беларускую мову, наступныя: Р. Бэрнс, В. Вулф, А. Конан Дойл, Ч. Дыкенс, А. Крысці, Дж. Остэн, Т. Зан, А. Міцкевіч, Я. Чачот, М. Гумілёў і іншыя.
Сустрэча найперш зацікавіла пачынаючых перакладчыкаў, якія сёння яшчэ толькі авалодваюць сваёй будучай прафесіяй у сценах Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. У канцы мерапрыемства нават прагучала прапанова сустрэцца зноў, толькі ўжо ў вузкім коле філолагаў, каб правесці майстар-клас па перакладзе мастацкай літаратуры.
Завяршылася сустрэча невялічкім кніжным кірмашом з аўтограф-сесіяй, вершамі на розных мовах ад госці і гутаркай улюбёных у родную мову людзей.

530