Адкрыццё часовай экспазіцыі «Душою і сэрцам мы з вамі, героі…»


У перадсвяточны дзень 3-га мая 2019 года ў 16.00 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі “Душою і сэрцам мы з вамі, героі…” і літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У шырокай палітры творчай дзейнасці Якуба Коласа тэматыка вайны займае пачэснае месца. Паэт сам прайшоў дарогамі вайны, удзельнічаў у баях на Румынскім фронце, адчуў на сабе ўвесь трагізм другой сусветнай вайны.

Вялікая Айчынная вайна – адна з самых сумных старонак у кнізе гісторыі беларускага народа. Практычна кожная сям’я мела свае асабістыя страты, сваё гора. Не абышлі яны і народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Вайна адабрала ў Песняра сына Юрыя, які трагічна загінуў пры абароне горада Ярцава Смаленскай вобласці. Самога паэта, яго жонку Марыю Дзмітрыеўну і сыноў Данілу і Міхася вайна вымусіла пакінуць Радзіму, стаць выгнаннікамі і шукаць прытулку на чужой зямлі – ва Узбекістане.

Вялікім па часе і значнасці быў ташкенцкі перыяд жыцця Якуба Коласа. У далечыні ад Радзімы, затаіўшы ў сэрцы тугу ад расстання, трывогу за сына, паэт займаўся актыўнай грамадскай і творчай дзейнасцю. Пра гэта сведчаць зборнікі яго вершаў, напісаных на ўзбекскай зямлі, публіцыстычныя творы антываеннай скіраванасці.

Літаратурна-мастацкая частка вечара была даволі насычаная. У прафесійным выкананні Маргарыты Кучук, дырыжора хора ўкраінскай народнай песні “Криниця”, прагучалі ўкраінскія песні ваенных часоў. Курсанты Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча № 2 эмацыйна прачыталі вершы Якуба Коласа ваеннага часу, прадэманстраваўшы глыбокую павагу і любоў да нацыянальнай спадчыны і роднай зямлі. Кульмінацыяй мерапрыемства стала выступленне паэта-песенніка і члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Канстанціна Цыбульскага.

На працягу доўгага часу Канстанцін Пятровіч працаваў ва ўнутраных органах, атрымаў званне падпалкоўніка міліцыі. Аднак імкненне да паэтычнага ўвасаблення сваёй думкі ніколі не пакідала яго. Канстацін Цыбульскі з’яўляецца аўтарам пяці зборнікаў, узначальвае секцыю музыкі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Многія вершы Цыбульскага пакладзены на музыку, яго песні выконваюць ансамблі «Сябры», «Бяседа», вядомыя спевакі Валерый Дайнэка, Анатоль Ярмоленка, Мікалай Скорыкаў, Алег Сямёнаў і многія іншыя.

Канстанцін Пятровіч па-майстэрску прачытаў некалькі вершаў уласнага складання на ваенную тэматыку, а таксама прадставіў усім прысутным музычныя творы ў сваім выкананні.

На працягу ўсяго вечара ў зале панавала адмысловая атмасфера цеплыні і душэўнасці. Пранікнёныя вершы, музыка, таленавітае выкананне і харызматычнасць Канстанціна Цыбульскага зрабілі сустрэчу асаблівай.

На часовай экспазіцыі “Душою і сэрцам мы з вамі, героі…” прадстаўлены арыгінальныя музейныя прадметы: рукапісныя старонкі твораў і лістоў, дакументы, фотаздымкі, кнігі, газеты, асабістыя рэчы, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць Якуба Коласа і яго блізкіх у гады вайны. Адрэзак жыцця паэта, што прыпаў на гэтыя гады, можна ўмоўна падзяліць на некалькі этапаў: эвакуацыя з Мінска, побыт у Клязьме, ташкенцкі перыяд, вяртанне на Радзіму. Кожны з адзначаных этапаў прадстаўлены храналагічна-тэматычным комплексам.

Асобныя матэрыялы прысвечаны памяці сярэдняга сына Якуба Коласа Юрыя Міцкевіча, які прапаў без звестак на фронце, і жонцы паэта Марыі Дзмітрыеўне, якая памерла ў Маскве ў маі 1945 года.

Пра працу Коласа-паэта і публіцыста падчас ваеннага ліхалецця сведчаць зборнікі яго вершаў, выдадзеныя ў гады вайны (у тым ліку і на ўзбекскай мове), публікацыі ў перыядычным друку.

На экспазіцыі прыцягвае ўвагу ўнікальны экспанат – адзіны ацалелы экзэмпляр выдання паэмы “Новая зямля”, які рыхтаваўся да друку на пачатку 1941 года, сігнальны экзэмпляр паэт атрымаў у маі 1941 года. Але лёс гэтага выдання трагічны: немцы знішчылі друкарскія гранкі. Колас змог зберагчы праз ваенныя гады гэты адзіны экзэмпляр любімай паэмы.

Нясуць на сабе пячатку часу і асабістыя рэчы Якуба Коласа таго перыяду – цюбецейка, узбекскі нацыянальны галаўны ўбор, і фарфоравая піяла, падараваная паэту сябрамі-ўзбекамі.

Яшчэ адзін цікавы экспанат часовай экспазіцыі – партрэт Якуба Коласа, зроблены з натуры Таццянай Жырмунскай у Ташкенце ў дзень 60-годдзя паэта ў 1942 годзе.

Таксама на часовай экспазіцыі можна будзе пабачыць графічныя ілюстрацыі мастакоў Я. Ціхановіча, В. Данільчыка, С. Геруса.

201