Міжнародная акцыя «Ноч музеяў – 2019» «СВЯТЛО Ў АКНЕ»

Міжнародная акцыя «Ноч музеяў – 2019» «СВЯТЛО Ў АКНЕ»

18 мая 2019 г. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ўжо не адзін год удзельнічае ў міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” з захапляючай праграмай “Святло ў акне”.

Музей народнага паэта – адметная нацыянальная культурная прастора ў сталіцы, дзе захоўваецца непаўторная аўра святла і добразычлівасці песняра.Пры жыцці Якуба Коласа дзверы дома заўсёды былі гасцінна расчынены для ўсіх добрых людзей. А калі на зямлю апускалася ноч і на мінскіх вуліцах панаваў змрок, у акне яго кабінета загаралася святло. Святло ў акне паэта і цяпер магнетычна прыцягвае ўсіх нас, далёкіх нашчадкаў знакамітага класіка.

У музеі Якуба Коласа   можна здзейсніць займальнае падарожжа па інтэрактыўных пляцоўках на сядзібе Дома Песняра.Наведвальнікам была прапанавана спецыяльна распрацаваная насычаная праграма, прысвечаная 60-годдзю музея Якуба Коласа, якая стане годным адлюстраваннем сёлетняй тэмы Міжнароднага дня музеяў– “Музеі як культурныя цэнтры: будучыня традыцыі”.

Сярод святочных мерапрыемстваў на сядзібе паэта – канцэртная праграма з удзелам саліста легендарнага ансамбля “Песняры” Валерыя Скаражонка, а таксама народных і інструментальных калектываў.
Выступленні артыстаў Новага драматычнага тэатра, літаратурныя сустрэчы з пісьменнікамі, у тым ліку дзіцячымі. Спецыяльна для сваіх маленькіх наведвальнікаў музей арганізаваў асобную дзіцячую пляцоўку, на якой была наладжана забаўляльная праграма з лялечнымі прадстаўленнямі, настолкамі, інтэрактыўнымі заняткамі, гульнямі.
Толькі падчас свята экспазіцыя музея па-сапраўднаму ажыве – наведвальнікаў чакала тэатралізаванае дзейства з удзелам заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валянціна Салаўёва, а таксама навучэнцаў СШ №125 г. Мінска.
Традыцыйным на Ночы музеяў застаўся і магічны рытуалзапісу запаветнага жадання пяром Якуба Коласа: на працягу толькі адной гадзіны госці свята атрымаюць магчымасць загадаць самае жаданае.
Для аматараў інтэлектуальных гульняў быў наладжаны турнір па шашках і шахматах, а таксама інтэрактыўная віктарына “Якуб Колас vs Янка Купала”.

Завяршальным акордам свята стаў акустычны канцэрт гурта “RECHA”.

508