Міжнародная канферэнцыя «Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая», прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу

17–18 мая 2019 года ў Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў (Кітайская Народная Рэспубліка) праходзіла Міжнародная канферэнцыя “Літаратура ў культурнай прасторы Беларусі і Кітая”, прысвечаная народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу. Удзел у ёй прыняла і дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа – Зінаіда Мікалаеўна Камароўская. На працягу апошніх гадоў Цяньцзіньскі ўніверсітэт вядзе актыўную работу па вывучэнні і распаўсюджванні беларускай мовы ў Кітаі. Прымаючы пад увагу высокі ўзровень міждзяржаўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама доўгую гісторыю сяброўскіх адносін паміж народамі, універсітэт з верасня 2018 года першым у Паднябеснай адкрыў спецыяльнасць бакалаўрыята “беларуская мова”. Тады ж у Цэнтры вывучэння Беларусі і беларускай мовы пры Цяньцзіньскім універсітэце адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Якубу Коласу (аўтар – беларускі скульптар Сяргей Гумілеўскі). Творы народнага паэта неаднаразова перакладаліся на кітайскую мову: у 1950 годзе, яшчэ пры жыцці Песняра, па-кітайску загучаў верш «Абаронцам роднай зямлі». У розныя часы ў перакладзе на кітайскую мову таксама былі апублікаваныя апавяданні «Васіль Чурыла» і «Макарка Навак», аповесць «Дрыгва», верш «Вецер».
Падчас канферэнцыі Зінаіда Мікалаеўна ўручыла граматы музея Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Кірылу Рудаму, рэктару Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў Чэнь Фачуню, дырэктару Інстытута еўрапейскіх моў і культур Цяньцзіньскага ўніверсітэта Лі Ініну, галоўнаму навуковаму супрацоўніку Інстытута сацыяльнага развіцця Цэнтра даследаванняў па пытаннях развіцця пры Дзяржсавеце КНР Ван Сяньцзю. Спецыяльнай падзякай ад музея за самаадданую працу ў справе папулярызацыі творчай спадчыны Якуба Коласа ў Кітаі была адзначана Вольга Шахаб, запрошаны прафесар Цяньцзіньскага ўніверсітэта замежных моў. Ува многім дзякуючы яе руплівасці і ініцыятыве стала магчымай гэтая сустрэча ў Паднябеснай, а таксама адкрыццё выстаўкі з фондаў музея Песняра ў Цяньцзіньскім універсітэце.
Прыемна адзначыць той факт, што падчас канферэнцыі прайшло адкрыццё Цэнтра імя Якуба Коласа, галоўнай мэтай якога стане папулярызацыя беларускай мовы, літаратуры і культуры ў Кітаі.
Сустрэча на міжнароднай канферэнцыі паспрыяла далейшаму ўмацаванню адносінаў паміж Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў і Домам Песняра ў Мінску: была заключана дамова аб супрацоўніцтве паміж згаданымі ўстановамі. З фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў дар універсітэту для стварэння адмысловага куточка беларускага класіка былі перададзены кнігі, копіі рукапісаў, сувенірная музейная прадукцыя.

547