Выстава «Апякун беларускага адраджэння: Браніслаў Эпімах-Шыпіла»

У Музеі беларускага кнігадрукавання працуе выстава, прысвечаная 160-годдзю з дня нараджэння нашага земляка Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы – філолага, этнографа, выдаўца і апекуна беларускага адраджэння.

Менавіта Браніслаў Эпімах-Шыпіла стаяў на чале беларускага культурнага руху ў Пецярбургу на пачатку ХХ ст. Дзякуючы яму было заснавана першае беларускае легальнае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца”, якое выпусціла падручнік “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906), першы зборнік Янкі Купалы “Жалейка” (1908) і многія іншыя беларускія кніжкі.

Вядома, што прафесар Б. Эпімах-Шыпіла валодаў больш як 20-цю старажытнымі і новымі мовамі, але найбольш яго цікавіла беларуская. Яшчэ з гімназічных гадоў ён збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і літаратуры Беларусі, марыў з цягам часу стварыць у родным Залессі пад Полацкам беларускі музей.

Вялікую працу па ўшанаванні памяці пра свайго славутага земляка робяць настаўнікі і вучні Ветрынскай сярэдняй школы, дзе яшчэ ў 1998 г. быў адкрыты музей, прысвечаны Б. Эпімаху-Шыпілу. Некаторыя матэрыялы з гэтага музея прадстаўлены на выставе поруч з матэрыяламі з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Выстава распачала сваю працу 18 мая і працягнецца да 11 жніўня.