Ларыса Геніюш – у пошуках сапраўднага Мужчыны

4 чэрвеня ў 18:00 Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на тэатралізавана-інтэрактыўную дзею “Ларыса Геніюш – у пошуках сапраўднага Мужчыны”, якая праводзіцца ў рамках штомесячнага культурніцкага праекта “Амазонкі беларускай паэзіі”. Вас чакае новае, незвычайнае знаёмства з асобай Ларысы Геніюш.
Нязломная, моцная, мужная, смелая, непрымірымая… Аўтар экспрэсіўных патрыятычна-пафасных вершаў і нечаканых, поўных вострага гумару дзіцячых твораў.
Ненавідзела мясцовае зэльвенскае начальства і любіла Пятра Машэрава.
Усё жыццё пражыла з адным мужчынам, крыўдзілася на яго, лічыла вінаватым у сваіх няшчасцях, але не кідала і апякала, як дзіцёнка.
Яе раздражняў славуты беларускі оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі.
Злаваў і Уладзімір Караткевіч. Не магла яму дараваць яго празмернай любові да Бахуса.
Расчараваў уласны сын…
Але і быў Максім Танк, якога называла “Казачным прынцам”, былі ў маладосці шматлікія кавалеры, якія страляліся з-за яе на дуэлях.
Хто быў яе сапраўдным мужчынам?
Ці сустрэлася з сапраўдным жарсным-імпэтным каханнем?

Аўтар і вядучы – Васіль Дранько-Майсюк.
У ролі Ларысы Геніюш – Анастасія Шпакоўская (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага)

Уваход вольны!