Калекцыя фібул і рымская манета — археалагічныя рэкорды Клецкага раёна

Самая вялікая калекцыя фібул, рымская манета з выявай імператара, які кіраваў у II стагоддзі, і прылады працы, вырабленыя 1,5 тысячы гадоў таму — супрацоўнікі музея гісторыі Клеччыны расказалі карэспандэнту МЛЫН.BY пра сем самых незвычайных археалагічных знаходак. У XIX ст. этнограф Павел Шпілеўскі набыў знойдзеную ў Клецку рымскую манету з выявай імператара Антаніна, які кіраваў з 138 па 161 год. На жаль, лёс знаходкі невядомы. Верагодна, яна стала часткай прыватнай калекцыі. Клецк — адзіны беларускі горад, на тэрыторыі якога былі знойдзены абломкі флетаў — высокіх шкляных куфляў для піва. Прычым адразу 11 (!) штук. Мабыць, не выпадкова ў інвентары 1552 года сярод шасці клецкіх рамеснікаў ажно тры півавары. У тарфяніку каля вёскі Капланавічы ў 1968 годзе было адкапана драўлянае рала, узрост якога ад 1500 да 2000 гадоў. У падручнікі па гісторыі і археалогіі яно ўвайшло як самае старажытнае са знойдзеных на Беларусі. Дарэчы, ва ўсёй Усходняй Еўропе ёсць толькі дзве аналагічныя прылады працы. Адна — у Бранскай вобласці (Расія), другая — у Сумскай (Украіна). Рала даўжынёю 2,6 метра зроблена з суцэльнага кавалка дубовага ставала з суком, які ўтварае ральнік-паўзун. Металічнага наральніка хутчэй за ўсё не было. Такое рала пры нахіле магло няпоўна пераварочваць пласт зямлі і падразаць карані пустазелля. Чалавек, які выцягнуў рала на паверхню падчас капання торфу, не надаў яму асаблівай увагі. Толькі дзякуючы старанням клецкіх краязнаўцаў гэты прадмет быў дастаўлены ў школьны музей. Фотаздымкі былі дасланы ў Акадэмію навук БССР. Неўзабаве адтуль прыйшоў адказ: менавіта такімі раламі карысталіся нашы продкі ў эпоху зараджэння ворыўнага земляробства. Нейкі час экспанат захоўваўся ў школьным музеі, а потым апынуўся ў Мінску, дзе якарз ішла работа па стварэнні Дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Беларусі (цяпер Нацыянальны музей гісторыі і культуры). У фондах Музея гісторыі Клеччыны захоўваецца фотаздымак рала і падзяка ад кіраўніцтва арганізацыйнай групы па стварэнні музея дырэктару школы Анатолю Фінскаму, настаўніку Дарафею Чорнаму і вучню Ігару Рыбакову за захаванне каштоўнага помніка гісторыі. У ХІІ—ХІІІ стст. невялікі Клецк меў самую буйную абароненую ўмацаваннямі плошчу сярод усіх гарадоў Тураўскай зямлі, межы якой працягаліся ад Дняпра да Заходняга Буга і ад Паўднёвай Валыні да Сярэдняга Панямоння. Клецкія ўмацаванні складаліся з амаль круглага ў плане дзядзінца (плошчай 0,75 га) і сцен вакольнага горада (плошчай 7,7 га). Такім чынам, гэтыя ўмацаванні прыкрывалі амаль увесь тагачасны горад плошчай 8,5 га. Для праўнання: памеры абароненай сценамі часткі старажытнага Слуцка — 1,3 га, Пінска — 6 га, Турава — 2,3 га. Адметнасцю Клецка ў ХІІ—ХІІІ стагоддзях было тое, што значную колькасць насельнікаў складалі прафесійныя воіны-дружыннікі. Прадметы княжаска-дружыннага характару скаладаюць немалую частку археалагічных знаходак. Сярод іх асабліва вылучаецца калекцыя жалезных і бронзавых фібул — засцёжак, якімі зашпілялі верхняе адзенне. Фібулы з’явіліся ў кельцкіх плямён, ад іх трапілі да германцаў, балтаў, славян. У Х—ХІІ стст. яны шырока распаўсюдзіліся на рускіх землях. Падковападобнымі фібуламі зашпіляліся плашчы воінаў на грудзях або на правым плячы (правая рука павінна была быць свабоднай, каб у любы момант выхапіць меч). На тэрыторыі былога вакольнага горада знойдзена 8 фібул (3 жалезныя і 5 бронзавых). Гэта пры тым, што для паўднёвых зямель старажытнай Русі (на поўдзень ад лініі Мінск — Смаленск) фібулы не характэрныя і клецкая калецыя на гэтым фоне выглядае адной з самых вялікіх. Адна са знаходак — бронзавая фібула, дужка якой упрыгожана невялікімі шышачкамі, а канцы маюць выгляд абсечаных пірамідак — увогуле не мае аналагаў на тэрыторыі былога СССР. Яна выстаўлена ў экспазіцыі Музея гісторыі Клеччыны. Аднак сярэдневяковы Клецк быў не толькі ваенным, але яшчэ рамесным і гандлёвым цэнтрам. Многія тавары траплялі сюды з Паўночнага Прычарнамор’я і Крыма, якія тады належалі Візантыйскай імперыі. Каштоўны аліўкавы алей і дарагое віно прывозілі ў гліняных амфарах — высокіх пасудзінах з канічным тулавам, вузкім рыльцам і доўгімі вертыкальнымі ручкамі. Адна такая амафара, амаль цэлая, была выпадкова знойдзена, калі капалі падмурак у двары на вуліцы Школьнай (тэрыторыя былога вакольнага горада). Яна датуецца ХІІ ст. У горадзе знойдзены таксама дзесяткі фрагментаў іншых амфар Х—ХІІІ стст. Сярод іх ёсць фрагмент пласкадоннай амфары, падобныя дагэтуль былі выяўлены толькі ў Навагрудку. Дзякуючы гэтым знаходкам Клецк стаў дзевятнаццатым горадам Беларусі, дзе вядомы такога роду імпарт. Прычым у ХІ ст. амфары, акрамя Клецка, вядомы толькі ў Полацку, Заслаўі і гарадзішчы на рацэ Менцы. У сярэдзіне XIII ст. Клецк апынуўся на шляху татарскіх атрадаў, быў захоплены і спалены. Фактычна горад перастаў існаваць і адрадзіўся толькі праз паўтара стагоддзя. Пра тыя падзеі нагадвае цікавая знаходка — наканечнік мангольскай стралы, мж іншым, адзіны на Беларусі. Гэта шырокі і доўгі трохвугольны наканечнік з доўгім шылападобным тронкам, які ўстаўляўся ў драўляны стрыжань стралы. Унікальнай асаблівасцю клецкага наканечніка з’яўляецца надрапаны на ім складаны знак, які нагагвае сватыку з загнутымі ў сярэдзіну канцамі, кожны з якіх завяршаецца адмысловым знакам: двума простымі крыжамі, крыжам з падвоеных ліній і шматромневай оркай. На думку некаторых даследчыкаў, такая сімволіка адлюстроўвае чатыры бакі свету. Зорка сімвалізуе Палярную зорку і поўнач, крыжы — заход і ўсход, а падвойны крыж —поўдзень, галоўны накірунак свету для манголаў. Найбольшую цікавасць уяўляе калекцыя клецкай кафлі для абліцоўкі і аздаблення печаў. На Беларусь яна трапіла ў XIV ст. з Заходняй Еўропы, магчыма, з Германіі. Кафля — даволі частая знаходка ў беларускіх гарадах, але клецкі збор прыцягвае да сябе ўвагу разнастайнасцю тыпаў і сюжэтаў, адлюстраваных на яе вонкавых пласцінах. Найперш выдзяляецца так званая ажурная кафля, квадратнае вусце якой закрывалася тонкай ажурнай пласцінай з рознымі малюнкамі. Спецыялісты вылучаюць чытыры тыпы малюнкаў такой кафлі. Гэтыя тыпы ўвогуле першыя ў Беларусі, паколькі да Клецка ажурная кафля сустракалася ў невялікіх абломках толькі ў Полацку і Дзяржынску. Зацікавіла археолагаў і мастацтвазнаўцаў і каробчатая кафля. Калі на Беларусі ў цэлым выявы людзей і жывёл на вонкавых пласцінах кафлі сустракаюцца вельмі рэдка, у Клецку яны складаюць значную частку ўсіх сюжэтаў. Тут ёсць і выява чалавека ў заходнееўрапейскай вопратцы, і вобраз аголенага чалавека, які бяжыць з кубкам у руцэ, і нават выявы міфічных істот з галавой драпежніка, кіпцюрастымі лапамі і доўгім хвастом. Часта сустракаеецца раслінны і геаметрычны арнамент. Як адзначаў даследчык гісторыі горада Валерый Пазднякоў, на клецкіх кафлях прасочваюцца як мясцовыя культурныя традыцыі, так і заходнееўрапейскія. Большасць тыпаў клецкіх кафляў XVI стагоддзя не маюць аналагаў у Беларусі.