Гліняны звон -2019

Старажытнае мястэчка Івянец сустракала ў суботу, 24 жнiўня, рамеснікаў з усёй Мінскай вобласці. У колішнім цэнтры ганчарнага мастацтва адбылося дзевятае абласное свята-конкурс «Гліняны звон».
Форум, асноўнай часткай якога стаў пленэр керамістаў, прайшоў на тэрыторыі Івянецкага музея традыцыйнай культуры. Схаваўшыся ад гарачага жнівеньскага сонца пад шатамі цяністых векавых дрэў, майстры стваралi збаны і збаночкі, глечыкі, свістулькі і нават цэлыя кампазіцыі.

Сёння ў гэтым гістарычным месцы сабраліся людзі, якія прадстаўляюць старажытнае мастацтва гліны і агню — ганчарства, — сказаў, адкрываючы свята, старшыня Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. — Дзявяты раз праходзіць яно на тэрыторыі сталічнага рэгіёну. Памятаю, як сустракаліся мы ў Любані, Лагойску, Радашковічах. Так бы, напэўна, і падарожнічалі з горада ў горад, каб не ўзяў свята-конкурс пад сваю апеку старажытны ганчарны цэнтр — Івянец. І тут проста нельга не сказаць дзякуй кіраўніцтву Валожынскага раёна, якое, разумеючы каштоўнасць і ўнікальнасць гэтага віду мастацтва, робіць усё магчымае для таго, каб цікавасць да конкурсу не гасла. Сёлета на «Гліняны звон» прыехала 64 майстры “глінянай спраывы” з усёй Міншчыны. Па колькасці ўдзельнікаў гэта адно з самых маштабных святаў у сваёй гісторыі.

Мінск, Фаніпаль, Заслаўе, Клецк, Слуцк, Лагойск, Барысаў, Вілейка, Салігорск, Івянец і іншыя гарады вобласці былі прадстаўлены на мерапрыемстве. Побач з масцітымі майстрамі працавалі тыя, хто толькі-толькі пачынае засвойваць рамяство і ,нават, зусім юныя.

Івянец прадстаўлялі восем ганчароў і чатыры майстры дэкаратыўнай пластыкі са сваімі вучнямі.

Тры гадзіны былі адведзены канкурсантам на стварэнне шэдэўра. За іх працай сачылі як члены журы, так і шматлікія госці свята.

Узнагароджанне пераможцаў праходзіла тут жа, на музейнай тэрыторыі. Адзін за адным паднімаліся на яе прадстаўнікі сталічнага рэгіёну, а таксама мясцовыя, івянецкія майстры. І для кожнага ўдзельніка ў членаў журы знаходзіліся цёплае слова і падарунак.

За зберажэнне і творчае развіццё мастацкіх традыцый ганчарства ўзнагароду атрымалі выхаванцы студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Скарбніца» з Салігорскага раёна, у намінацыі «Лепшы настаўнік» перамагла Таццяна Раманчук з Лагойскага раёна, лепшым сямейным калектывам прызнана сям’я Скрыпкаў з Івянца.

Пераможцы былі названыя ў больш чым 10 намінацыях, а самая высокая ўзнагарода, гран-пры конкурсу, дасталася Мікалаю Стрэльчанку з Лагойска.

530