ПАДАРОЖЖА Ў МЯДЗВЕЖЫ КУТ З… КАВУНОМ
На гэтых выходных 24–25 жніўня 2019 года ў Лоеве прайшло адно дзіўнае мерапрыемства… Вельмі падобнае да традыцыйных святаў горада, але ж і не зусім звычайны пры гэтым дзень. На ўсім ужо добра знаёмы сцэнарый адзначэння любога свята ў нашым мястэчку наклалася новая канцэпцыя, якая, як ні дзіўна, здолела і ажывіць, і, нават, даволі перайначыць традыцыйную праграму.
(Сівохін, Г. Падарожжа ў мядзвежы кут з… кавуном. Справаздача з падарожжаў кавуновага фэсту [Электронны рэсурс] / Генадзь Сівохін // Культура & Антрапалогія — 2019. — Рэжым доступу: http://loyev.museum.by/be/node/47587. — Дата доступу: 09.10.2019)
Адным словам, на выходных праходзіў “Дзень кавуна і яго сяброў”, арганізаваны ГА “Беларускі зялёны крыж”. У арганізацыі і правядзенні свята ўзяў удзел і наш Музей бітвы за Днепр разам са сваім музейным аб’яднаннем “Нашчадкі Лоя”. Пра само свята, як і пра семінар, які меўся прайсці ў рамках фэсту, варта, напэўна, пачытаць справаздачы саміх арганізатараў на іх сайце, а мы лепш распавядзем пра тое, што нам падалося найбольш цікавым — пра экскурсіі, арганізаваныя ў рамках фэсту кавуна, да арганізацыі якіх мы таксама спрычыніліся.
Наогул, было запланаванае правесці чатыры вандроўкі — пешы шпацыр па самім мястэчку з дырэктаркай музея Ксеніяй Сямашка ды тры падарожжы па цікавостках Лоеўскага краю. І кожная з іх — сапраўдная перліна і сапраўдная загадка.
Фотападарожжа па Лоеве. Гісторыя, напісаная на вадзе
Менавіта пад такой назвай-дэвізам — “Гісторыя, напісаная на вадзе”, — прайшла ранішняя пешая вандроўка гасцёў кавуновага фэсту. Ранішняя, таму і не шматлікая, — дзясятак месцічаў, гасцёў фэсту ды яго ўдзельнікаў, незанятых раскладкай кавуноў на святочным кірмашы, — ахунуліся ў гісторыя Лоева і з вялікім інтарэсам разглядалі чорна-белыя старыя фотакарткі мястэчка, адбіўшыя яго жыццё ўжо мінулага ХХ стагоддзя. Керамічныя ж артэфакты, намытыя водамі старадаўняга Дняпра на яго берагі, дазволілі дакрануцца да XVII стагоддзя, якое пакінула ў гісторыі Лоева зыркі след…
Пра старадаўняе і сівое Дняпро, пра яго ролю ў гістарычным станаўленні Лоева, дый шмат пра што яшчэ даведаліся цікаўныя экскурсанты ад Ксеніі Сямашка.
Падарожжа па святых мясцінах Лоеўшчыны
Адным з самых вядомых пунктаў на мапе Лоеўскага раёну з’яўляецца чароўнае ўрочышча ў лесе недалёка ад вёскі Крупейкі. Гэта — месца старадаўняга пасялення продкаў цяперашніх беларусаў. Але самае галоўнае, чым слыннае гэтая мясціна — з’ўяленне тут святой Параскевы. Таму і адбываецца кожны год на дзясятую пятніцу ад Вялікадня на Лоеўшчыне вялікае свята — Дзясятуха на гонар святой Параскевы Пятніцы на месцы з’яўлення яе цудадзейнага абраза.
На пачатку падарожжа спадарыня Ксенія распавяла такое паданне,
Падарожжа ў беларускі Сінгапур
Менавіта так — беларускім Сінгапурам, — з нядаўняга часу сталі мясцовыя людцы называць ваколіцы вёскі Мохаў. Тут, у васьмі кіламетрах на поўнач ад мястэчка, у 2003 годзе археолагі раскрылі найбуйнейшае ва Усходняй Еўропе пахаванне эпохі Кіеўскай Русі. Жыхары старажытнага паселішча кантралявалі “супермагістраль” Сярэднявечча — Днепр, па якім ішоў “Шлях з варагаў у грэкі”. І ў гэтым “міжнародным цэнтры” жылі не толькі славяне…
На гэтым месцы Дняпро некалі адступіў на два кіламетры на ўсход, утварыўшы шырокую даліну і пакінуўшы каля падножжа вёскі стáрычнае Мохаўскае возера, якое мясцовыя называюць Чортаў локаць. Вось тут, на высокіх прыдняпроўскіх мысах, і знаходзіцца “Беларускі Сінгапур” — вёска Мохаў з багатай і загадкавай гісторыяй.
Падарожжа ў Індыю. Мядзвежы кут Лоеўскага раёна
А гэта было, бадай, самае чаканае і самае неверагоднае падарожжа ва ўсёй праграме кавуновага фэсту. Міжрэчча двух велічных рэк, у якім размясціўся Днепра-Сожскі біясферны заказнік, сапраўды зачароўвае сваёй непаўторнасцю і натуральнай дзікасцю. Як распавёў наш праваднік Іван Восіпаў з тутэйшай вёскі Абакумы, за “міжрэчнасць” лаеўцы называюць гэты закуток Індыяй, а самі ж яны яго клічуць выключна мядзвежыным кутом — за закінутасць людзьмі і буянне дзікай прыроды.
Як патлумачыў сам спадар Іван перад пачаткам нашага падарожжа, тут мы зможам трапіць у дзівосны свет прыроды і пракаветнага ляснога промыслу — старажытнага беларускага бортніцтва: “За адное гэтае падарожжа вы пачуеце даўнюю гісторыю пра дубровы і бары, безліч вазёр і лугоў, даведаецеся пра таемны і багаты свет бортніцтва. Вы паўдзельнічаеце ў штогадовых клопатах бортніка і атрымаеце адказ на ўсе пытанні пра лес, дрэвы, пчол і мёд! А хто будзе смелы — той зможа адведаць сапраўднага напою, годнага для пчол і людзей…”.
І сапраўды, бортнік нас не падмануў — усё было менавіта так: і аповеды пра лес, і спробы самім выдзеўбці калоду, і падарожжы ў чашчобы ў пошуках іванавых калод ды сапраўдных борцяў, прыхаваных у дубах, і спробы ўскараскацца на лязіве — старадаўнім бортніцкім інструменце кшталту вяроўкі-лябёдкі, — на высачэзныя дубы да схаваных у іх шатах борцях, дый мядовага напою напрыканцы пасмакавалі…
Інтарэс да роднай даўніны паходзіць у спадара Івана з дзяцінства, калі ў ягоную родную вёску Абакумы, што схавалася ў запаведным міжрэччы Дняпра і Сажы, прыехалі археолагі. Пасля былі і збор мікратапанімікі і складанне слоўніка роднай гаворкі, і калекцыянаванне “музейных артэфактаў”, сабраных ім па ваколіцах, дый шмат чаго яшчэ.
Іван Восіпаў — не толькі адзін з рупліўцаў бортнай справы, але і яе даследчык. У этнаграфічных экспедыцыях ён збіраў матэрыялы пра сённяшніх беларускіх бортнікаў. А для папулярызацыі промыслу і яго развіцця нават арганізаваў грамадскае аб’яднанне “Братэрства босых бортнікаў”.
Адная з самых сакавітых мараў спадара Івана — стварыць на сваёй радзіме музей ляснога бортніцтва. Нават спробы яго арганізаваць былі — закінутую школу, што месціцца за плотам іванавай хаты, той не адзін год спрабаваў быў выкупіць. Альбо хаця б узяць у арэнду… Не атрымалася — кінутую школы лягчэй ды прасцей было знесці, чым нудотна афрамляць на яе паперы, браць на баланс, а пасля перадаваць нейкаму мясцоваму “шаленцу” — фанату мала каму вядомага і даўна забытага промыслу. Але Босы Бортнік не спыняецца. Кажа, што ўсё адно арганізуе тут цэнтр ляснога бортніцтва.
Пакуль жа Іван рыхтуе фэст ляснога мёду ў родных Абакумах — налета вельмі хочацца яго правесці…