Купалле

Свята Купалле - гэта чароўная пара, калі год дзеліцца напалову, пачынаецца жніво, сонца вяртаецца ад лета да зімы, а дзень памяншаецца.

Толькі на Купалле бог Пярун пасярод ночы запальвае папараць-кветку - кветку шчасця. Гэтая вогненная кветка квітнее толькі раз на год. Роўна апоўначы яна ўспыхвае, у імгненне вока вырастае ўгору і гарыць блакітным агнём, але адразу ж і асыпаецца.

Смельчаку, які паспее сарваць папараць-кветку, адкрываюцца ўсе таямніцы свету. Але кветка даецца толькі маладым хлапцам і толькі ім вяшчае долю.

Здабыўшы чароўную кветку, трэба як мага хутчэй парэзаць скуру на мезенцы левай рукі і закласці пад скуру кветку, каб кветка зраслася з целам. Папараць-кветка - гэта свет бліскавіцы Перуна, якая мае цудатворную моц. Той, хто яе знойдзе, усё на свеце займее, усё на свеце будзе ведаць, будзе разумець мову кожнага стварэння, будзе бачыць, дзе закапаныя скарбы. Такі чалавек не будзе баяцца нячыстай сілы, зможа адагнаць ад сваёй нівы град, гром і ліўні. Шчаслівец, які адшукае папараць-кветку, зможа прычараваць самую прыгожую дзяўчыну, якая, пабраўшыся з ім шлюбам, будзе заўсёды маладою і прыгожай, а іх дзеці - здаровымі і працавітымі.

Людзі вераць, што зёлкі і травы, сабраныя ў купальскую ноч, маюць незвычайную моц. Толькі на Купалле сонца, калі ўжо палае світанак, “грае - Купалле велічае”, яно танцуе. Толькі ў гэту ноч дрэвы і расліны пераходзяць з месца на месца, размаўляюць паміж сабою; маланка нікога не забівае; птушкі атрымліваюць дар размаўляць па-чалавечы; вада ў рэках ператвараецца ў срэбра - людзі верылі, што ў гэту ноч у рэках купаюцца душы нябожчыкаў і таму вада напаўняецца святлом.

Купалле - свята маладосці і прыгажосці - па звычаю адзначаецца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня, паводле Грыгарыянскага календара - у ноч з 6-7 ліпеня. Купала - бог зямных пладоў, - і ў Купальскую ноч ён бласлаўляе ўсё жывое. Па іншай версіі, свята прысвячалася богу Ярыла, які менавіта ў гэту ноч памірае, каб зноў адрадзіцца вясною на будучы год.

Купалле - гэта падвойнае свята Вады і Агню. У народных песнях, легендах часта сустракаецца матыў пра родных брата і сястру, якія пабраліся шлюбам і, даведаўшыся, што яны брат і сястра, не вытрымалі сораму - ператварыліся ў кветку з пялёсткамі сіняга і жоўтага колераў. Гэты матыў нагадвае славянскі міф пра нараджэнне зямлі, неба, і ўсяго сусвету: праз шлюб двух першасных стыхій — агню і вады.

Купальскія агні сімвалізуюць веліч і моц Сонца-Дажджбога і, таму павіны гарэць цэлую ноч. Яны надзеленыя вялікай жыццядзейнай моцай, аберагаюць і ачышчаюць, а вада на Купалле - магічная, гаючая. Купальскаю расою і ранішняй вадою, якую дзяўчаты прыносяць да святла, карыстаюцца для чаравання. Вада і раса ў гэту ноч набывае чароўныя ўласцівасці, надаюць прыгажосць твару, калі такой вадой умыцца.

Купальскае вогнішча раскладаюць толькі хлопцы. Кожны гаспадар павінен быў даць Купалу нешта драўлянае - лапату, вілы, граблі і г.д., што выйшлі з ужытку. Для вогнішча хлопцы “кралі” ўсёй вёскаю ламачча. І звычайна кралі ў тых, дзе была дзеўка на выданне.

Купалле святкавалі звычайна бліз лесу і вады. Каля вогнішча гатавалі абрадавыя стравы. Вадзілі карагоды. Хлопцы і дзяўчаты парамі скакалі праз вогнішча. Прыгнуўшы так тры разы, і не зачапіўшы полымя, верылі, што пара хутка пабярэцца шлюбам і будзе шчаслівая ў ім.

У купальскую ноч дзяўчаты варажылі, пускалі ноччу на ваду вянкі з кветак. А раніцою, калі сонца толькі пачынае ўзыходзіць, хлопцы і дзяўчаты купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца моцы на наступны год.

Усім ЧАРОЎНАГА КУПАЛЛЯ!

*Выкарыстаныя крыніцы:

  • В.Войтович, "Міфы та легенди давньоі Украіни". - Тернопіль: Навчальна кніга - Богдан, 2011. - 392 с.: іл.

  • З.Дудзюк, "Кола Сварога" - Мінск.: Беларусь, 2006. - 293 с.: іл.

1237