Асенняе свята “Багач”: што яно азначае і чаму прысвечана?

Асенняе свята “Багач”: што яно азначае і чаму прысвечана?

Багач – адзін з самых старажытных і найбольш важных сельскагаспадарчых святаў, якое заканчвала цыкл ураджаю. Багач (бел. Багач, Ражство Божай мацi, Раство, Малая Прачыстая, Другi каляд, Спожка, Спажа) – лубок (кошык) са збожжам, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Збожжа збіралі з першага зажатага снапа і па жменьцы прыносілі жыхары ўсёй вёскі. Свечку для Багача рыхтавалі пад спеў «дажынкавых» мелодый. Запаленая свечка, як правобраз сонца, крыніца цяпла адносіць абрад да імпрэзы восеньскага раўнадзенства. У дом, дзе знаходзіўся Багач, запрашалі святара. Праходзіў малебен, пасля якога лубок са збожжам і запаленай свечкай у суправаджэнні ўсіх жыхароў праносілі па вёсцы. Потым удзельнікі свята ішлі да наступнай хаты, у якую на год пераносілі Багач. Лічылася, што «Багач" павінен прыносіць усёй абшчыне, а асабліва таму гаспадару, у чыёй хаце ён знаходзіцца, дабрабыт, дастатак, здароўе, бо збіралі яго "ўсім светам". У гэтай хаце праводзілася абрадавае застолле. Багач стаяў у чырвоным куце пад абразамі цэлы год. У некаторых рэгіёнах Беларусі Багач абносілі вакол статка і ўважліва назіралі за хатнімі жывёламі, рабілі прагнозы на зіму: калі пасля Малой Прачыстай скаціна спяшаецца на поле вельмі рана, то і зіма будзе ранняя.

Ад цяжкай працы пад восень усе адчувалі стомленасць, асабліва жанчыны, што знайшло сваё адлюстраванне ў прымаўках: «Да Багача баба рабоча, па Багачы – хоць за плот валачы». На Багач гаспадар засяваў ніву збожжам, асвечаным яшчэ ў Першую Прачыстую: "Прыйшоў Багач – кiдай рагач, бяры сявеньку – сей памаленьку». Падчас святкавання Багача ў старажытныя часы праводзіліся рытуалы глыбокай пашаны і ахвярапрынашэння Дажбогу – рэзалі барана або авечку. Гаспадара, які шкадаваў зарэзаць барана, папярэджвалі, што гэтага барана з'есць воўк. Магічная скіраванасць абраду Багач, па меркаванні навукоўцаў-фалькларыстаў, сканцэнтравана на забеспячэнне сямейнага ладу, дабрабыту, ураджайнасці, пладавітасці скаціны. У дзень Багаты ці бліжэйшую нядзелю на Беларусі праходзілі восеньскія кірмашы. У гэтыя дні хлопцы выглядвалі дзяўчат, дзяўчыны знаёміліся з хлопцамі. У гонар  свята дзяўчаты куплялі чырвоныя хусткі, каралі і чакалі жаніхоў. У многіх рэгіёнах Беларусі вяселлі праходзілі менавіта ўвосень.

820