6 кастрычніка 1876 года нарадзіўся Ян Булгак

145 гадоў назад, 6 кастрычніка 1876 года, нарадзіўся выбітны фотамайстар, ураджэнец Навагрудчыны - Ян Булгак.

Ва ўзросце 11 год Ян Булгак пакінуў Навагрудчыну дзеля вучобы ў І класічнай Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1897 годзе. Потым быў факультэт філасофіі Ягелонскага універсітэта ў Кракаве. У жніўні 1901 года ажаніўся са стрыечнай сястрой Ганнай Хаціскай. А 27 красавіка 1906 года нарадзіўся яго адзіны сын Януш Булгак.

Паводле сямейнай легенды, першыя свае фотаздымкі Ян Булгак зрабіў у 1905 годзе, калі ягоная жонка атрымала ў падарунак просценькі фотаапарат. Першымі матывамі для здымкаў былі партрэты самых блізкіх, родных і характэрных вясковых тыпажоў, а таксама краявіды родных мясцін. У 1908 годзе мастак стварыў сваю фоталабараторыю. У 1905-1911 гадах Ян Булгак выканаў некалькі соцен здымкаў у ваколіцах Мінска і Навагрудка, якія з 1915 года выйшлі ў выглядзе альбомнага выдання ў шасці тамах. У 1910 годзе ўпершыню ўдзельнічаў у сусветнай фотавыстаўцы ў Бруселі.

Ян Булгак шмат зрабіў для Навагрудчыны. Прынамсі, Ян Булгак зафіксаваў Навагрудак у перыяд росквіту будаўніцтва і стварэння інфраструктуры ваяводскага цэнтра, калі ў горадзе будаваліся адміністрацыйныя будынкі і цэлыя жылыя раёны для чыноўнікаў, ён фотафіксаваў Навагрудчыну да пачатку Першай Сусветнай вайны і пасля яе, дзякуючы яму мы ведаем, як выглядалі сядзібы і маёнткі Навагрудскай зямлі. А ў сваёй кнізе ўспамінаў "Край дзіцячых гадоў" Ян Булгак зафіксаваў развіццё Навагрудка ў 1920-ыя гады, краявіды і сядзібы Навагрудскага павета, пакінуў энцыклапедычныя ўспаміны аб укладзе жыцця навагрудскай шляхты пачатку ХХ ст.

Чытайце болей пра Яна Булгака тут.

Таксама нагадваем, што Навагрудскі краязнаўчы музей праводзіць фотаконкурс!

705