13 кастрычніка нарадзіўся Язэп Драздовіч

13 кастрычніка 1888 года - нарадзіўся Язэп Драздовіч - мастак, скульптар, пісьменнік, этнограф, археолаг, педагог, вандроўнік, адзін з заснавальнікаў нацыянальна-гістарычнага жывапісу, і гэтак можна працягваць да бясконцасці.

Нарадзіўся ў засценку Пунькі ў збяднелай шляхецкай сям’і. З 1906 па 1910 год вучыўся ў Віленскай мастацкай школе. Потым працаваў мастаком-дэкаратарам у “Беларускай хатцы”, Беларускім дзяржаўным тэатры. Выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар.

Язэп Драздовіч быў адным з першых мастакоў, які ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў графічную серыю “Старажытная будоўля на Беларусі”; цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы (“Мір”, “Крэва”, “Ліда”, “Гальшаны”, “Навагрудак і навагрудцы”, “Меднікі”, “Трокі”); партрэты полацкіх і смаленскіх князёў (“Князь Рагвалод – дзед князёў полацкіх”, “Князь Усяслаў Чарадзей”, “Князь Брачыслаў”, “Князь Барыс-каменякоў”); партрэты славутых гістарычных асоб: магната К. Сапегі, вялікага гетмана К. Астрожскага, пісьменнікаў А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы.

Адной з цікавых і адметных рыс творчасці Язэпа Драздовіча было яго захапленне КОСМАСАМ. Яго талент таксама праявіўся і ў працах дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва:

- маляваныя дываны (якія ён маляваў для сялян, і якія сталі яго адзінай крыніцай заробку ў пасляваенны перыяд);

- разьбяныя кіі, скрыначкі;

- распісаныя шафы і інш., якія і зараз часам знаходзяць у беларускіх вёсках падчас этнаграфічных экспедыцый.

З Наваградкам Язэпа Драздовіча звязвае навукова-творчая экспедыцыя, выкладанне ў Наваградскай Беларускай гімназіі ў перыяд з 1927-1929 гг., а таксама яго графічныя працы Наваградка.

685