Любчанскі Замак

Любчанскі замак – адзін з апошніх помнікаў традыцыйнага замкавага будаўніцтва. Лічыцца, што будаўніцтва замка пачалося ў 1581 г., калі мястэчка належала Яну Кішку. А скончана - напачатку ХVІІ ст., калі замак перайшоў у валоданне Радзівілаў.

Першапачаткова Любчанскі замак быў цалкам драўляны. Змены ў жыцці замка адбыліся пры Радзівілах: знеслі драўляныя сцены, а замест іх з’явіліся муры з цэглы. Пры Ганне Радзівіл з Сангушак у 1738 г. у замку ўзвялі драўляную капліцу. На паўднёва-ўсходнім ускрайку замчышча паўстаў вялікі драўляны “парадны” палац, каменнае крыло якога Ганна зрабіла афіцынай.

У інвентары 1818 года паведамляецца, што драўляны палац, пакрыты саломай знаходзіцца ў вялікім запусценні. Крыніцы паведамляюць, што ў 30-ыя гг. 19 ст. драўляны палац, які напачатку выкарыстоўваўся як жылое памяшканне, быў разабраны зусім.

У другой палове ХІХ ст. дваранскі род Фальц-Фейнаў часткова аднаўляе замак, будуецца белы палац у англійскім неагатычны стылі. У такім выглядзе замак з палацам прастаялі да пачатку 20 стагоддзя. Падчас Першай і Другой сусветных войнаў палац быў разбураны, а ад замка засталіся стаяць дзве вежы.

Зараз у замку ідзе складаная, працяглая рэканструкцыя і будаўніцтва, якое трымаецца на энтузіязме краязнаўцы Івана Антонавіча Пячынскага і намаганнях валанцёраў.

806