Гімн мастацтву грацыі скрозь гады: падводзячы вынікі

У Краязнаўчым музеі Полацка ў рамках праекта «На шляху да спартыўных вяршыняў» 28 кастрычніка 2021 г. адбылася вечарына ўспамінаў «Гімн мастацтву грацыі скрозь гады», прысвечаная развіццю ў Полацку спартыўнай гімнастыкі. У ім прынялі ўдзел былыя выхаванкі Полацкай ДЮСШ 1950-1970-х гг. Валянціна Вахрамеева, Таіса Сакалова, Ірына Парадня, Таццяна Шаркевіч, Вера Стрыюк. Яны з задавальненнем расказвалі пра свае першыя крокі ў гімнастыцы, пра ўмовы, у якіх праходзілі трэніроўкі і, вядома ж, пра спартыўныя дасягненні. З глыбокай павагай спартсменкі ўспаміналі свайго трэнера Любоў Пятроўну Бандарэнку, якая ўмела ўбачыць у дзіцяці тое, што нельга было ўбачыць простаму абывацелю. Яна не толькі вяла гімнастак да заваявання спартыўных вяршыняў, але і фармавала ў іх валявыя якасці, мэтанакіраванасць і навыкі давядзення пачатай справы да канца. Для некаторых выхаванак Л.П. Бандарэнкі спорт стаў не толькі прафесіяй, але і ладам жыцця. Трэнер была патрабавальная як да гімнастак, так і да сябе. Гэта адзначала, прысутнічаўшая на вечарыне Таццяна Вячаславаўна Генова, дырэктар СДЮШАР №3 імя М.Л. Генова г. Наваполацка, дзе апошнія гады жыцця працавала Л.П. Бандарэнка. Прысутныя на мерапрыемстве не хавалі свайго шкадавання аб тым, што ў ДЮСШ Полацка сёння няма аддзялення па спартыўнай гімнастыцы. Сустрэча ў музеі аб'яднала людзей розных пакаленняў, людзей, якія сёння жывуць у розных гарадах і нават краінах, і якія адданыя вялікаму слову – спорт!

679