Архітэктурныя помнікі. Сядзібны дом, Асташына

Яшчэ ў 1670  г. у Асташына быў пабудаваны сядзібны дом з бітай гліны, які на працягу двух стагоддзяў, нягледзячы на рамонты і абнаўленні, захаваў характэрныя рысы пабудоў другой паловы XVII ст.

На мяжы ХVІІІ–XIX стст. на месцы старога сядзібнага дома быў пабудаваны мураваны аднапавярховы прамавугольны ў плане сядзібны дом, накрыты двухсхільным дахам. Архітэктура яго мела рысы барока і класіцызму. Сярэдзіну галоўнага фасада падкрэсліваў неглыбокі рызаліт з трохвугольным франтонам. У афармленні інтэр’ера былі зроблены камін з ляпным барочным аздабленнем і печы, абліцаваныя паліхромнай узорыстай кафляю, якія не захаваліся. Цікавасць выклікае спосаб ацяплення памяшкання: печы размяшчаліся ў паўпадвальным памяшканні, а дымаходы ішлі ў тоўшчы сцен. Рэшткі дымаходаў можна пабачыць і зараз, а вось печы ўжо разабраныя.

Напачатку XIX ст. сядзібай валодаў шляхецкі род Абуховічаў. У 1820 г. сядзіба была куплена ў Абуховічаў Тадэвушам Чачотам. Наступнымі ўладальнікамі былі Альбін Чачот і яго сын Рышард. Знаходзілася ва ўладанні сям’і, верагодна, да 1920–1930-х гг. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што апошнім уладальнікам быў нейкі пан Петрушкевіч. У верасні 1939 г. у будынку пачала дзейнічаць няпоўная сярэдняя школа. Падчас Другой сусветнай вайны будынак гарэў. У 1951 г. сядзібны дом быў перабудаваны, а школа ў ім атрымала статус сямігадовай. У 2004 г. школа была зачынена.

654