Уваскрэслы з вайны

У нашым музеі ёсць каштоўная фатаграфія. Невялікая памерам, яна мае моцную, аптымістычную энергетыку.

Але крыху гісторыі. Калі гітлераўцы напалі на Беларусь, мясцовыя ўлады дзе арганізавана, а дзе стыхійна пачалі эвакуацыю каштоўнасцей і народнага дабра на ўсход. У нашых мясцінах гэта былі грошы і архівы, калгасная жывёла і разнастайная тэхніка. З грашовымі сродкамі абышлося добра; архівы зберагліся часткова; шмат статкаў рагатай жывёлы, якая рухалася сваім ходам, з папасам, даеннем і начлегамі, было перахоплена немцамі. І толькі рухомы склад тэхнікі, якой па сённяшніх мерках было не так ужо шмат,  адышоў без значных страт.  На месцы заставаліся толькі асобныя агрэгаты і машыны ў стане рамонту. Іх чакаў лёс быць знішчанымі, каб не трапіць у лапы ворага.

Калёсны трактар з праблемнай паломкай стаяў на полі калгаса “Ясная паляна”. Ужо грукацеў блізкі фронт. У вёсках засталося нямала хлопцаў прызыўнога ўзросту, бо ваенкамат не паспеў ажыццявіць поўную мабілізацыю. Гурт такой калгаснай моладзі аператыўна прыняў дзіўнае для многіх рашэнне – разабраць гэты трактар на дэталі ды вузлы і пахаваць іх на месцы “экзекуцыі”. Што і было зроблена.

… Прайшлі тры вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны з яе партызанскімі баямі і дыверсіямі, ахвярамі і гераічнымі ўчынкамі. На спустошанай зямлі з цяжкасцю паўставала жыццё. Для апрацоўкі палёў бракавала цяглавай сілы. У плугі і бароны запрагаліся, акрамя рэдкіх коней, трафейныя валы ды каровы, жанкі ды падлеткі. З перамогаю вярталіся дадому франтавікі і былыя партызаны, якім пашчасціла выжыць у баях.

Вось тады і пачалася новая старонка ў лёсе “калёсніка”. Перажыць цяжкасці пасляваеннай разрухі дапамагаў небывалы працоўны энтузіязм моладзі. Адбудоўваць жыццё ў калгасе  “Ясная паляна” дапамог трактар, рэшткі якога захаваліся на полі праз вайну. З прапановы былога партызана Міхаіла Урбана, які страціў зрок падчас бою, моладзь узялася за нялёгкую справу і неўзабаве атрымала першую працоўную перамогу, сабраўшы машыну. “Уваскрэслы” трактар упрогся ў стваральную працу. Фатаграфія энтузіястаў стала гістарычнай рэліквіяй.

620