Загадкавае кола

У музейным дворыку ёсць цікавы экспанат, перададзены нам краязнаўцам Уладзімірам Юдзіным. Гэты масіўны прадмет – кола ад сельскагаспадарчай тэхнікі, выкапанае з-пад зямлі на палявых прасторах былога Жоўнінскага сельсавета.

Механізатар з калгасных ветэранаў мог бы, пэўна, вызначыць, якой машыне ці агрэгату належала гэтае кола. Для навуковых супрацоўнікаў музея задача стала загадкай і стымулам для пошуку. Прызнаемся, што “пашпартызаваць” знаходку нам пакуль не ўдалося. Затое мы папоўнілі свае веды па гісторыі калёсных трактароў ХХ стагоддзя – менавіта такая лінія даследавання была вызначана напачатку.

Імклівае развіццё трактарабудавання пачалося ў свеце адразу пасля сканчэння Першай сусветнай вайны. Да шматлікіх, падчас экзатычных, мадэляў замежных вынаходнікаў выйшлі на арэну савецкія вырабы ленінградскага завода “Пуцілавец” і падмаскоўнай Каломны, якія прайшлі праверку часам і нават паслужылі пры аднаўленні мірнага жыцця пасля Вялікай Айчыннай. “Фардзон”, “Калёснік” – такія назвы і самі іх носьбіты былі знаёмы кожнаму вясковаму хлапчуку першага пасляваеннага дзесяцігоддзя.

Аднак нашы дабраахвотныя кансультанты падказалі, што мы, напэўна, памыляемся ў першапачатковым пасыле: кола ў музейным дворыку належыць не трактару, а прычапному агрэгату. Застаецца спадзявацца, што нехта з  дапытлівых былых механізатараў дапаможа нам дакладна пашпартызаваць цікавы экспанат. А пакуль паглядзіце праект размяшчэння загадкавага кола аўтарства Валера Счастнага. 

632