Анатолю Вярцінскаму — 90!

Віншуем з юбілеем Анатоля Ільіча Вярцінскага – выбітнага беларускага паэта, драматурга, публіцыста, крытыка, перакладчыка! Сёння мы з радасцю святкуем яго 90-годдзе.

Пакаленнем дзяцей вайны называюць літаратараў, якія выйшлі з таго часу. Яны раслі пад гарматнымі стваламі, пад гукі выбухаў і стрэлаў. Пазней, у сваёй кнізе “Тры цішыні”, Вярцінскі па-пісьменніцку балюча выявіў усю сілу і рэзкую празрыстасць сваёй аўтарскай канцэпцыі мінулага, усю аголенасць і выразнасць болю па кожным чацвёртым, што загінуў на гэтай страшнай вайне, пра тых, хто засталіся ўдовамі, сіротамі і, самотныя, дажывалі свой век.
А яшчэ пакаленне літаратараў, да якога адносіцца Вярцінскі, называюць “філалагічным”, бо шмат хто з іх атрымаў філалагічную ці журналісцкую ўніверсітэцкую адукацыю.

Нарадзіўся Анатоль Ільіч у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, непадалёку ад славутых азёраў. Закончыў аддзяленне журналістыкі БДУ і шэсць гадоў працаваў у раённых газетах на Брэстчыне і Магілёўшчыне. Затым у Мінску — у выдавецтве, рэдактарам «ЛіМа». Зборнікі яго паэзіі «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З'яўленне» (1975), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981) і іншыя, кнігі публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980), «Нью-Йоркская сірэна», п'есы для дзяцей, вядомыя і чытачу, і гледачу, сталі з'явай у сучасным беларускім мастацтве.

Творам Вярцінскага ўласцівыя глыбокая філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. У сваіх узвышаных роздумах ён узлятае думкай у прасторы сусвету, аднак пры гэтым не адрываецца ад зямлі, ад жыццёвай асновы.

Апроч пісьменніцкай дзейнасці, Анатоль Ільіч узначальваў таварыства дружбы “Беларусь – Кітай”. Калісьці Кітай трывала і назаўсёды ўвайшоў і ў паэзію, і ў грамадзянскую свядомасць пісьменніка. “Паднябёсную” ён наведаў яшчэ ў 1988 годзе ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. Па выніках паездкі напісаў дарожны нарыс “Перабудова наша і ваша..: З кітайскага блакнота”. З даўняй пары Анатоль Вярцінскі з’яўляецца амбасадарам многіх культур у Беларусі. Адпаведна і беларускую культуру, беларускую літаратуру прасоўвае ў далёкі і блізкі свет.

Анатоль Вярцінскі - Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988), Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2010).

Мы віншуем нашага паважанага юбіляра і жадаем яму, каб маяк яшчэ доўга не згасаў, клікаў да новых дзён і абяцаў пагоду! Здароўя і дабрабыту шаноўнаму земляку!

І сёння знаёмім вас, шаноўныя сябры, з каштоўнымі дакументамі, якія звязаныя з жыццём і творчасцю Анатоля Вярцінскага і захоўваюцца ў фондах нашага музея.

Не ведаю я, калі і як
ва мне запаліўся гэты маяк,
але ён гарыць і гарыць ва мне
і свеціць мне ў маім тумане.
Не знаю, калі запаліўся ён.
Напэўна, калісь у нягоду.
Ды кліча мяне ён да новых дзён
і абяцае пагоду.
І я на яго іду,
як марак ідзе ў непагоду на маяк.
І будзе гарэць ён ясна,
пакуль я і сам не згасну.
(Анатоль Вярцінскі, “Маяк”)

Фота А.Вярцінскага з даравальным надпісам аўтару Уладзіміру Круку.
Фота з фондаў ДМГБЛ.

Шамякін Іван, Макаёнак Андрэй, Вярцінскі Анатоль на пасяджэнні 7 з'езда СП Беларусі. Фота Анатоля Каляды.

Фота з фондаў ДМГБЛ.

Вярцінскі Анатоль (злева) і Танк Максім на сустрэчы з чытачамі.

Фота з фондаў ДМГБЛ.

Анатоль Вярцінскі і Васіль Быкаў.

Фота з фондаў ДМГБЛ.

Янка Брыль і Анатоль Вярцінскі.

Фота Ул. Крука з фондаў ДМГБЛ.

Рукапіс верша А.Вярцінскага “На развітанне з Янкам Брылём”.

Перададзены аўтарам у дар ДМГБЛ для камлектавання фондаў па тэме "Літаратура ХХ стагоддзя".

Анатоль Вярцінскі “Білоруський годинник”. Вершы і паэмы. Выбранае. На украінскай мове. Пераклад з беларускай мовы.

Кніга з фондаў ДМГБЛ.

Аўтарскія ілюстрацыі да кнігі А.Вярцінскага "Чалавечы знак" беларускага графіка Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча.

З фондаў ДМГБЛ.

Аўтарскія ілюстрацыі да кнігі А.Вярцінскага "Чалавечы знак" беларускага графіка Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча.

З фондаў ДМГБЛ.

836