120 год з дня нараджэння Міхася Зарэцкага

“...Высокі і стройны, ён быў абавязкова відзён, але не ростам, а іменна вось гэтай сваёй асаблівай манерай трымацца: і свабодна, і разам з тым скавана. Гаворыць ён весела, ахвоча. <…> Хоча памагчы сабе жэстамі, але жэсты вельмі ж стрыманыя… І раптам, забыўшыся..., ён раскіне рукі і зарагоча так непасрэдна, што аж прысядзе. <…> Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім”, – так успамінаў пра Міхася Зарэцкага пісьменнік Ян Скрыган.

20 лістапада 2021 года – 120 год з дня нараджэння беларускага празаіка, драматурга, перакладчыка, крытыка Міхася Зарэцкага (Міхаіла Яўхімавіча Касянкова). Псеўданім Зарэцкі стварыў ад назвы вёскі Зарэчча на беразе Дняпра, дзе прайшло яго дзяцінства.

Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна пашырыў яе жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасці. У адну эпічную глыбіню ўдалося яму звязаць разважлівую сур’ёзнасць з яскравай белетрычнасцю. Сучаснікі ўзгадвалі, што кнігі маладога пісьменніка былі настолькі папулярныя, што часам іх выкрадалі з бібліятэк. Асабліва ім падабалася аповесць “Голы звер” – пра авантурыста і прайдзісвета Віктара Яроцкага.

У 1924 годзе аўтар увайшоў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пазней рэдагаваў аднайменны часопіс.

У 1925—1926 гадах выйшлі зборнікі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх». Дзякуючы ім пісьменнік стаў вядомым.

У 1927 годзе Міхась Зарэцкі, як і Якуб Колас з Янкам Купалам, стаў адным з ініцыятараў утварэння літаратурнага аб’яднання «Полымя», рэдагаваў аднайменны часопіс і друкаваў у ім свае творы. Вялікая калекцыя часопісаў захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Яскрава сведчаць аб тых часах каштоўныя фотаздымкі з фондаў. А яшчэ – цудоўны абажур-лямпа, які належыў сям’і Зарэцкіх і калісьці асвятляў кватэру пісьменніка і сустракаў яго ўвечары сваім пяшчотным святлом.

Фота -
https://ru.wikipedia.org/wiki/Михась_Зарецкий

Злева направа: сядзяць: Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Удзяку Акіта, Цішка Гартны; стаяць: (?), Андрэй Александровіч, Снежка.

Апантана імкнучыся як мага болей ахапіць усе сусветныя наватарскія плыні, шмат хто з “маладнякоўцаў” карыстаўся моднай спецыфічнай мовай “эсперанта”. Вялікае значэнне для агітацыі за эсперанта мелі і прыезды на Беларусь прагрэсіўных эсперантыстаў з-за мяжы. Цікавасць да мовы эсперанта сярод беларускіх пісьменнікаў выклікаў прыезд у Мінск японскага пісьменніка-эсперантыста Акіта Удзяку.

Фота з фондаў ДМГБЛ.

Сябры студыі "Маладняк" пры Белпедтэхнікуме.

Першы рад злева направа: В.Казлоўскі, М.Дубіцкі. Дургі рад злева направа: П.Глебка, Н.Вішнеўская, М.Зарэцкі, С.Дарожны. Трэці рад злева направа: П.Герман, Я.Жук, З.Бандарына, М.Лужанін.

Фота з фондаў ДМГБЛ.

М.Зарэцкі, Ц.Гартны, Я.Купала, М.Грамыка, А.Дудар і інш. На адвароце надпіс алоўкам: "Палымянцы ў Оршы 1928."

Фота з фондаў ДМГБЛ.

Часопіс “Полымя” № 5, 1927 г.

Рэдакцыйная калегія: З.Жылуновіч, М.Зарэцкі, Я.Лімановіч. 208 С. Тыраж 1500 экз.

З фондаў ДМГБЛ.

Лямпа з хаты родных М.Зарэцкага ў в. Новае сяло, Талачынскага раёна. Сюды часта прыязджаў пісьменнік. Пры гэтай лямпе пісаў раман "Вязьмо".

З фондаў ДМГБЛ.

962