Удзел Краязнаўчага музея Полацка ў VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край»

25 лістапада 2021 г. загадчык Краязнаўчага музея Полацка Ірына Воднева прыняла ўдзел у VII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Віцебскі край», прысвечанай Году народнага адзінства. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. П.М. Машэрава, Віцебскі абласны краязнаўчы музей. Навуковы форум сабраў каля 100 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы. У Праграме канферэнцыі было заяўлена 42 даклады. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Адамян, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак, навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Бараноўскі, загадчык кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Анатоль Дулаў, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская. Праца канферэнцыі праходзіла па 2-х секцыях - «Гістарычнае краязнаўства» і «Краязнаўства ў сістэме гуманітарных навук». Ірына Пятроўна Воднева, якая прымае ўдзел у канферэнцыі ўжо некалькі гадоў запар, прадставіла новы матэрыял па гісторыі развіцця фізічнай культуры і спорту на Полаччыне ў 1920-я гг. Тэма яе выступлення – «Да пытання аб удзеле прадстаўнікоў Полацкай акругі ва Усесаюзнай Спартакіядзе 1928 г.». Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка матэрыялаў «Віцебскі край».

699