Вынікі навукова-практычнай канферэнцыі «Краязнаўства: праблемы і перспектывы развіцця ў ХХI стагоддзі»

2-3 снежня 2021 г. у Полацку прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 95-годдзю Краязнаўчага музея. З прывітальным словам да яе ўдзельнікаў звярнуліся С.М. Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях, В.В. Чараўко, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, і Т.У. Явіч, намеснік дырэктара па навуковай дзейнасці Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Канферэнцыя праводзілася ў афлайн-і анлайн-фарматах. Яе ўдзельнікамі сталі больш за 50 чалавек. Гэта вядомыя краязнаўцы, навуковыя супрацоўнікі ўніверсітэтаў і музеяў, настаўнікі і дырэктары школ, спецыялісты архіваў і бібліятэк Беларусі, Расіі, Украіны і Азербайджана. Тэматыка выступленняў ахоплівала шырокае кола пытанняў гісторыі і культуры не толькі Полацка, але і беларускіх зямель у цэлым. А ўдзельнікі канферэнцыі з краін блізкага замежжа ў сваіх дакладах прадэманстравалі вынікі краязнаўчых даследаванняў і дасягненні апошніх гадоў на радзіме. Адмысловае месца на форуме было адведзена абмеркаванню пытання аб ролі вуснай гісторыі ў захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Навуковыя супрацоўнікі музеяў актыўна прадстаўлялі свой вопыт даследаванняў, практычнай працы з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў і інш. Архівісты знаёмілі прысутных з магчымасцямі выкарыстання ў даследчай дзейнасці дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архіве Віцебскай вобласці. У канферэнцыі таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, якія заявілі аб новых ініцыятывах сваёй установы культуры і адносінах да іх рэгіянальных бібліятэк краіны. Асобную цікавасць выклікала тэма засваення музеямі Інтэрнэт-прасторы як новага фармату музейных зносін. Удзельнікі канферэнцыі адзначылі неабходнасць і важнасць гэтай работы, яе ўклад у развіццё краязнаўчай думкі не толькі ў рэгіёне, але і за яго межамі.

Пасля заканчэння канферэнцыі ўдзельнікі навуковага форуму наведалі пастаянныя і часовыя экспазіцыі полацкіх музеяў, адзначыўшы пры гэтым гасціннасць і добрую арганізацыю работы супрацоўнікаў НПГКМЗ.

753