У дапамогу педагогу

У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку распрацаваны і актыўна рэалізуюцца музейна-педагагічныя праграмы для дзяцей розных узроставых груп. Частка заняткаў па гэтых праграмах праводзіцца ў Краязнаўчым музеі. Гэта: «Добры дзень, музей!» (2 кл.), «У краіне майстроў. Рамёствы старажытнага Полацка» (3 кл.), «Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч» (4 кл.), «У абарону сваёй зямлі» (4 кл.). Тэматыка заняткаў для 4-х класа з'яўляецца істотным дапаўненнем курса «Мая радзіма – Беларусь» і садзейнічае патрыятычнаму выхаванню вучняў. Асобай папулярнасцю ў дзяцей карыстаюцца заняткі па тэме «У абарону сваёй зямлі», дзе хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з арганізацыяй ваеннай справы на Полаччыне ў розныя гады і ўдзелам полацкіх ратнікаў у барацьбе з іншаземнымі заваёўнікамі. Пазнавальную цікавасць у школьнікаў выклікаюць розныя віды зброі, якія знаходзяцца ў экспазіцыі музея. Уяўленне аб некаторых з іх, а таксама тэхніцы выкарыстання гэтай зброі вучні атрымліваюць у ходзе гульнявой дзейнасці. У канцы заняткаў школьнікі з задавальненнем дзеляцца з супрацоўнікамі музея сваімі ўражаннямі.

Акрамя заняткаў для малодшых школьнікаў, Краязнаўчы музей Полацка прапануе шэраг заняткаў для навучэнцаў сярэдняга звяна, якія вывучаюць гісторыю Беларусі і факультатыўны курс «Полацказнаўства»: «Лівонская вайна на Полаччыне», «Полацк у вайне 1812 г.», «Герой, які служыць Айчыне, не памірае...», «Паўстанне 1863–1864 гг. на Полаччыне», «Полотчына ў гады Першай сусветнай вайны». Найбольш запатрабаваны ў вучняў заняткі па тэме «Полацк у вайне 1812 г.», падчас якіх яны на аснове экспазіцыйных матэрыялаў могуць прадставіць цэласную карціну ваенных падзей, якія разгарнуліся на полацкіх землях у пачатку XIX ст. Музейна-педагагічныя заняткі наведваюць навучэнцы розных школ горада. Гэта і ДУА «Сярэдняя школа №2 г. Полацка», ДУА «Сярэдняя школа №6», ДУА «Сярэдняя школа №10 г. Полацка», ДУА «Сярэдняя школа №18 ім. Еўфрасінні Полацкай г. Полацка». Асаблівую актыўнасць праяўляюць навучэнцы ДУА «Сярэдняя школа №16 г. Полацка», якія наведваюць заняткі ў музеі рэгулярна і строга ў адпаведнасці з музейна-педагагічнымі праграмамі.

Музейна-педагагічныя заняткі праводзяцца ў Краязнаўчым музеі Полацка ўсе дні тыдня (уключаючы канікулярны час), акрамя нядзелі і панядзелка. Папярэдні запіс абавязковы.

760