Да новых сустрэч, Каляда!

9 студзеня у наш музей завіталі  самыя сапраўдныя калядоўшчыкі.

Сябры Студэнцкага этнаграфічнага таварыства стварылі дзівосную святочную атмасферу.

Распачалося свята з майстар-класаў па выцінанцы і вырабе саламяных павукоў. Кожны ўдзельнік стварыў сабе саламяны абярэг і сусветнае дрэва з паперы.

Падчас лекцыі ад даследчыка Аляксея Глушко госці музея змаглі даведацца шмат цікавостак пра традыцыі святкавання Калядаў у розных кутках Беларусі, а таксама пра магічныя сімвалы каляднай пары.

Ну, а затым у музейную залу гурбой завіталі каляднікі з казой ды мядзведзем! Маленькія наведвальнікі змаглі патанчыць з козачкай ды загадаць жаданне. А мядзведзь паказваў цікавыя штукі ды дэманстраваў, якія ён ведае навукі са смаргонскай мядзвежай акадэміі.

Спевы гуртоў “Дайнава”, “Горынь”, майстэрні Дар’і Зуевай і дуэта Кацярыны Янкевіч і Змітра Кашлача стварылі выдатны настрой і дазволілі перанесціся ў часе на шмат стагоддзяў назад.

А напрыканцы музейная зала напоўнілася гукамі скрыпак, дуды ды віяланчэлі, і панесліся у мазурках ды польках нашыя госці!

Чароўная калядная пара яшчэ трывае аж да Вадохрышча, то і мы не развітваемся з вамі, а кажам да новых сустрэч!

708