Студзеньскія юбіляры: Кастусь Ільюшчыц

Студзеньскія юбіляры

Кастусь Ільюшчыц (02.01.1947)

Кастусь Ільюшчыц нарадзіўся ў г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму бацькоў – у вёску Рог на Старобіншчыне.

У 1960 г.  скончыў Рогаўскую сямігадовую школу, а ў 1963 г. – з залатым медалём сярэднюю школу ў вёсцы Скаўшын. Пасля заканчэння Беларускага тэхналагічнага інстытута (1968 г.) атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка.

У гэтым жа годзе Канстанцін Ільюшчыц быў прызваны ў рады Савецкай Арміі, з якой і звязаў свой лёс. Скончыў Усурыйскае ваеннае аўтамабільнае каманднае вучылішча. За гады ваеннай службы – з 1968 па 1992 гг. –Канстанцін Мікалаевіч пабываў у Сібіры, Казахстане, Эстоніі, Літве, на Далёкім Усходзе, у Германіі, але сэрца і думкі заўсёды былі з Беларуссю.

У 1992 г. вярнуўся на Радзіму, у г. Мінск, дзе жыве і зараз. Узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалямі.

Друкавацца Канстусь Ільюшчыц пачаў у раённай газеце “Шахцёр” (г.Салігорск). Але пачаткам творчасці лічыць 1965 год, калі ў газеце “Літаратура і мастацтва” з’явілася першая падборка яго вершаў (паэту было 18 гадоў).

Вершы кранаюць шчырасцю і свежасцю. Яны напоўнены хараством роднай прыроды, роднага кутка. У 1977 г. ўбачыў свет зборнік вершаў паэта “Армейскія будні”. Ён прысвечаны зямным і штодзённым клопатам чалавека, які сваімі справамі ўпрыгожвае Айчыну і абараняе яе. Неспакой за мірнае жыццё ўсёй краіны, радасць працы, салдацкія будні – галоўныя тэмы другой кнігі паэта “Таёжны гарнізон” (1982 г.). Асобныя творы К.М.Ільюшчыца перакладзены на рускую, украінскую, польскую, грузінскую мовы.

Кастусь Ільюшчыц – шчыры патрыёт роднага слова. У фондах нашага музея маецца ліст-зварот да землякоў, ён датуецца 2006 годам. У ім паэт звяртаецца са шчырым словам абароны ў адрас роднай мовы.

«Дарагія мае землякі! Яшчэ раз аб родным слове. Ва ўсе часы, у любым хаосе гісторыі ёсць кропка, ад якой трэба пачынаць, альбо адно толькі імкненне да якой выратуе нас ад духоўнай галечы. Я, можа, не першы, але не ўпэўнены, што  апошні, буду, калі скажу, што крыніца выратавання Бацькаўшчыны і яе людзей – мова і культура. Розум і дух народа, адлітыя ў ідэі нацыі,  – гэта тая высь, вакол якой круціцца кола гісторыі. І нас яднае ў гэтым, як аснова духоўнай і мастацкай дзейнасці народа, наша родная мова, наша роднае слова».

Амаль стагоддзе назад (у 1908 годзе) наш народны пясняр Янка Купала ў вершы “Роднае слова” пісаў:

Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты наяве і ў сне,

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне.

У студзені спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння паэта з Дзятлаўшчыны Кастуся Ільюшчыца. Хай Бог дае яму здароўе і даўгалецце.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

640