Да дня нараджэння Рыгора Барадуліна

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страціць святое штосьці…

Р.Барадулін

Сёння, 24 лютага, адзначаецца 87 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, перакладчыка, рэдактара, эсэіста Рыгора Барадуліна.

Народжаны на паэтычнай зямлі Ўшацкага раёна, увабраўшы ўсю прыгажосць матчынай мовы і песні, ён імкліва ўвайшоў у беларускую паэтычную плынь.

Калі яму было 24 гады, быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У 1954-1959 гг. Барадулін вучыўся на філфаку БДУ. Адразу пасля яго заканчэння выдаў свой першы зборнік “Маладзік над стэпам”. Пасля працаваў рэдактарам у выдавецтвах “Беларусь”, “Мастацкая літаратура”, часопісах “Бярозка”, “Полымя”, газеце “Советская Белорусcия”. Найбольш вядомыя паэтычныя зборнікі паэта – “Нагбом”, “Рунець, красаваць, налівацца!”, “Руны Перуновы”, “Евангелле ад Мамы”, “Самота паломніцтва”, “Міласэрнасць плахі”, “Ксты” (за гэты зборнік быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2006 г.). Творчая спадчына пісьменніка вызначаецца плённасцю, шматграннасцю вобразоў, метафарычнасцю і духоўнасцю.

Нядаўна ўдава паэта, Вялянціна Міхайлаўна, перадала ў фонды нашага музея з архіва паэта найкаштоўнейшыя прадметы: фатаграфіі, рукапісы, кнігі з дароўнымі надпісамі Уладзіміра Караткевіча Рыгору Барадуліну (менавіта яго дзядька Рыгор называў адным са сваіх лепшых сяброў). Фондавыя калекцыі папоўніліся таксама дакументамі, асабістымі рэчамі, кнігамі, сярод якіх і зборнік “Маладзік над стэпам” з дароўным надпісам Рыгора Іванавіча сваёй маці Акуліне Андрэеўне.

Музей выказвае шчырыя словы ўдзячнасці Вялянціне Міхайлаўне Барадулінай!

647