Друкарня ў Любчы

27 лютага 1612 года Пятро Бластус Кміта засноўвае друкарню ў Любчы, што пад Новагародкам.

Гісторыя нам апавядае, як віленскі друкар Пятро Кміта, ратуючыся ад праследаванняў езуітаў, едзе ў Любчу, дзе стварае друкарню. Тагачаснае мястэчка знаходзілася ў даволі спрыяльным становішчы. З сярэдзіны XIII стагоддзя Любча згадваецца як гандлёвы цэнтр на Нёмане, а блізкасць да першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага – Новагародка – на доўгі час зрабіла яе важным рачным портам і найбуйнейшым аграрна-рамесна-гандлёвым цэнтрам. Знакаміты княжацкі род Радзівілаў валодаў Любчай з 1606 года, паступова ператварыўшы яе ў адну з галоўных сваіх рэзідэнцый. І натуральна, што князі Радзівілы адыгралі вялікую ролю ў кнігадрукарскай справе на Навагрудчыне.

Пад кіраўніцтвам Пятра Бластуса Кміты друкарня актыўна дзейнічала ў 1612–1629 гадах. За гэты перыяд было выдадзена 59 назваў кніг на польскай і лацінскай мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш., а таксама некалькі паэтычных твораў.

Унікальнасць друкарні ў Любчы заключаецца, па-першае, у тым, што яна была самая «жывучая» пратэстанцкая друкарня ў ВКЛ. Па-другое, друкарня абслугоўвала патрэбы прадстаўнікоў розных саслоўяў і веравызнанняў. Любчанскімі варштатамі нямала было выдадзена медыцынскай, навуковай літаратуры, выдавалі навучальныя дапаможнікі, календары, зборнікі панегірыкаў і эпітафій, прысвечаных сям’і Радзівілаў, і нават свецкія раманы.

У Любчанскай друкарні складаў і выдаваў свае творы Саламон Рысінскі – першы чалавек, які назваў сябе беларусам, і першы збіральнік прыказак і прымавак з перакладам на самыя папулярныя еўрапейскія мовы.

Афармляліся кнігі Любчанскай друкарні сціпла, выкарыстоўваліся ксілаграфіі, наборны арнамент. Упершыню ў беларускім кнігадрукаванні для ілюстрацый шырока ўжываліся гравюры на медзі.

Сёння мы ведаем імёны толькі трох друкароў любчанскай друкарні – гэта Пётр Кміт, ягоны сын Ян Даніэль, эмігрант з Польшчы Ян Ланге.

Эпідэміі і войны сярэдзіны ХVІІ стагоддзя разбурылі Любчу. З таго часу выдавецкая справа там не аднаўлялася. Сёння нават не вядома дакладнае месца размяшчэння былой друкарні. Але факт існавання любчанскай друкарні застаецца фактам.

Сёння, надрукаваныя ў любчанскай друкурні фаліянты захоўваюцца ў музеях Кракава, Варшавы, Вільні.

613