Слава і гонар жывуць у вяках: да 465-годдзя Льва Сапегі

Слава і гонар жывуць у вяках: да 465-годдзя Льва Сапегі

4 красавіка спаўняецца 465 гадоў з дня нараджэння Льва Іванавіча Сапегі  (04.04.1557 – 07.07.1633), канцлера Вялікага Княства Літоўскага, мецэната, вядомага палітыка. Яго імя цесна звязана з нашым суседам Слонімам, а таксама з Дзятлавам.

Пра Льва Сапегу напісана шмат навуковых і публіцыстычных артыкулаў, створаны кнігі, але, на маю думку, адной з самых цікавых і даступных для чытання з’яўляецца кніга Івана Саверчанкі “Канцлер Вялікага Княства”. Яна ёсць у маёй уласнай бібліятэцы, таму, рыхтуючыся да юбілею Льва Іванавіча, вырашыла пагартаць яшчэ раз. У кнізе Івана Саверчанкі ў займальнай форме апавядаецца аб драматычным лёсе выдатнага палітычнага дзеяча сярэднявечнай Беларусі. Кніга выдадзена ў 1992 годзе, але не страціла актуальнасці і цікавасці. Леў Сапега паўстае з яе не толькі грамадскай персонай, але і чалавекам, мудрым, рашучым, непакораным, здольным змагацца з самім каралём.

Нарадзіўся Леў Сапега ў праваслаўнай сям’і, бацькі яго былі людзьмі лаяльнымі да іншых рэлігій, таму і аддалі сямігадовага Льва ў пратэстанцкую школу. Школа тая існавала пры двары Мікалая Радзівіла Чорнага ў Нясвіжы і славілася вальнадумствам. Чытанне кніг, спрэчкі, выпрацоўка новых ідэй – вось тая атмасфера, у якой фарміраваўся Леў Сапега як асоба. Ужо ў дзяцінстве, апрача роднай, ён ведаў чатыры замежныя мовы, а ў 13 гадоў паступіў у Ляйпцыгскі ўніверсітэт вучыцца на юрыста. Падчас вучобы ў Ляйпцыгу перайшоў у кальвінізм, пра што напісаў потым у сваім тастаменце. На Радзіму вярнуўся каля 1572 году. У 19 гадоў яго прынялі на пасаду сакратара Яго Каралеўскай Міласці Стэфана Баторыя. Калі Льву Іванавічу споўнілася 24, атрымаў допуск да сакрэтнай інфармацыі, стаў пісарам вялікім літоўскім.

Аднойчы Леў Сапега выступаў адвакатам па маёмаснай справе Івана Сапегі, уласнага бацькі. І бліскуча выйграў справу. Пасля гэтага яго карьера імкліва пайшла ўгору. На працягу жыцця Леў Іванавіч займаў розныя дзяржаўныя пасады, але самай пачэснай стала пасада канцлера вялікага літоўскага.

Сучаснікі сцвярджалі, што Леў Сапега меў прыемную знешнасць, быў спакойны і ветлівы, уважлівы да суразмоўцы. Калі браўся за справу, то абавязкова даводзіў яе да канца, прычым бліскуча, бо інакш не мог: дасканаласць ва ўсім была асноўнай рысай яго характару. І самае яркае таму пацверджанне – Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года выдання. Леў Сапега самастойна рэдагаваў старыя законы, рыхтаваў Статут да друку і дыскутаваў з каралём.  

Стэфан Баторый на той час сышоў ужо ў лепшы свет, а новым каралём стаў Жыгімонт ІІІ Ваза, прыхільнік прапольскай палітыкі. З ім Сапега быў у пастаянным канфлікце. Іх палітычныя інтарэсы не супадалі. Кароль раздаваў землі Вялікага княства палякам, парушаючы правы беларускай шляхты. Сапега не аднойчы прызнаваўся, што адчувае сябе пры новым каралі “як кот на лёдзе”, і імкнуўся выпусціць Статут як мага хутчэй. Згодна са Статутам, іншаземцы не мелі права набываць зямлю ці замкі ў ВКЛ; тое ж саме было і з любымі пасадамі, на якія іншаземцы не маглі прэтэндаваць. Галоўным заканадаўчым органам стаў Вальны Сойм, які збіраўся ў Слоніме – вотчыне Сапегі.

Статут дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі ажно да 1840 года, хаця ў той час Вялікага Княства Літоўскага ўжо даўно не было на карце Еўропы.

Вельмі цікавыя і няпростыя адносіны склаліся ў Льва Сапегі з Маскоўскай дзяржавай. Упершыню ён трапіў у Маскву ў 27 гадоў у складзе вялікага пасольства, што налічвала 300 чалавек. Пакуль дабіраліся да Масквы, цар маскоўскі Іван Васільевіч Грозны памёр. Масква разбіраліся са сваімі справамі, таму паслоў Рэчы Паспалітай трымалі пад аховай. Сапега пісаў: “…мяне хавалі, не раўнуючы як нейкага вязня, нават дзіркі ў плоце пазатыкалі ды паставілі варту, што сачыла за мною ўдзень і ўначы”.

Новым царом стаў Фёдар Іванавіч. Ад яго Сапега дабіўся падпісання міру на дзесяць гадоў і волі для 900 палонных беларусаў. Гэты незвычайны поспех прынёс Сапегу славу і горад Слонім, дзе ў 2019 годзе паставілі помнік канцлеру – другі ў Беларусі пасля Лепеля.

Новы маскоўскі цар быў чалавекам слабахарактарным і недалёкім – гэта адразу заўважыў і выкарыстаў Сапега. Аднак пасля смерці Стэфана Баторыя падтрымліваў менавіта кандыдатуру Фёдара на трон Рэчы Паспалітай. І гэта не было здрадай дзяржаўным інтарэсам, а якраз наадварот. Сапега добра ведаў хітрасці маскоўскай палітыкі: ён хацеў пасадзіць на польскі трон Фёдара Іванавіча, каб пасля кіраваць ім і стаць сапраўдным уладаром ВКЛ. Кульмінацыяй такога сцэнарыя павінна было стаць адлучэнне ад Польшчы і ўтварэнне незалежнага Княства. Але мара Льва Сапегі не збылася.

Не да канца зразумелым застаецца і дачыненне Льва Сапегі  да падзей “смуты” ў Маскоўскім царстве. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, нібыта ён меў нейкую сувязь з Ілжэдзмітрыямі. Сапраўды, ёсць тэорыя, паводле якой Ілжэдзмітрый І не проста атрымаў падтрымку ад Сапегі, але рос пры двары літоўскага канцлера, яго рыхтавалі для пэўнай місіі. Другі Лжэдзмітрый таксама быў з беларускіх тэрыторый – з Прапойску (сучасны Слаўгарад). Нават калі Сапега не меў дачынення да названых асобаў і ўсё гэта выдумкі, то пры яго двары сапраўды жылі юнакі-самазванцы, якіх рыхтавалі на маскоўскае царства. Захаваліся дакументы, якія паведамляюць, што на ўтрыманне так званага “маскоўскага царэвіча” польскі кароль выдаткоўваў Сапегу 6000 залатых на год.

Мусіць, таму Фрыдрых Шылер зрабіў Льва Сапегу героем рамантынчай драмы пра часы “смуты”, але п’есу не дапісаў. Шкада, яна атрымалася б, хутчэй за ўсё, цікавай і пазнавальнай.

Пражыў Леў Сапега 76 гадоў, з іх 48 быў членам Сената Рэчы Паспалітай. Як мецэнат пабудаваў 24 храмы. І адзін з іх – у Зецеле. Праўда, не паспеў скончыць. Дабудоўваць мусіў яго сын Казімір Леў. Аднак якая розніца, дзякуй за касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі усё роўна мы гаворым знакамітаму роду Сапегаў. Гэты храм, самы стары будынак у горадзе, стагоддзямі ўзвышаецца над нашымі ваколіцамі і нагадвае пра далёкае 17 стагоддзе, часы супярэчлівыя і неспакойныя, часы страт і знаходак нашага народа.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

588