Памяць народная вечна жывая: партызан Аляксандр Міхайлавіч Валетаў

Памяць народная вечна жывая: партызан Аляксандр Міхайлавіч Валетаў

Да нас у музей звярнулася з просьбай Алеся Рамазанава, рэдактар Башкірскага спутнікавага тэлебачання. Яна шукала матэрыялы пра Валетава Аляксандра Міхайлавіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, башкіра, свайго земляка. Тэлебачанне Башкіртастана рыхтуе цыкл перадач пра ўдзельнікаў вайны, і Алеся знайшла інфармацыю, што Аляксандр Валетаў партызаніў на Дзятлаўшчыне. Матэрыялы пра партызана Валетава ёсць у экспазіцыі музея і ў фондах. Яны нешматлікія, аднак пры ўважлівым вывучэнні можна зразумець, што размова пойдзе пра чалавека мужнага, адказнага, які не шкадаваў жыцця ў барацьбе з ворагам.

Валетаў Аляксандр Міхайлавіч нарадзіўся ў 1915 годзе ў вёсцы Старыя Саны Благавірскага раёна Башкірскай АССР. Ваентэхнік 2 ранга, танкіст, удзельнік фінскай вайны, ваяваў на танку Т-34. У экспазіцыі маецца партрэтны фотаздымак Валетава, характарыстыка, падпісаная камандзірам брыгады лейтэнантам Камаровым і камісарам Пронькіным, а таксама некалькі даведак і копія ўзнагароднага ліста на імя Валетава Аляксандра Міхайлавіча, камандзіра ўзвода партызанскай брыгады імя Леніна. У матэрыялах паведамляецца, што Валетаў служыў у Чырвонай Арміі з 1939 года, у чэрвеня 1942 года ваяваў у партызанскім атрадзе, узнагароджаны медалём партызана Айчыннай вайны 1 ступені, пералічваюцца баявыя подзвігі Валетава як лепшага падрыўніка, вядомага ў многіх атрадах і брыгадах Баранавіцкай вобласці, і паведамляецца, што таварыш Валетаў годны прысваення звання Героя Савецкага Саюза. Падпісаны ўзнагародны ліст камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады Сінічкіным і камісарам Макаравым, за прысваенне звання Героя хадайнічаў сакратар Шчучынскага падпольнага Межрайцэнтра і ўпаўнаважаны ЦК КПБ Баранавіцкай вобласці Шупеня. Аднак званне Героя Савецкага Саюза Аляксандр Валетаў не атрымаў.

Пасля вызвалення Дзятлаўшчыны быў накіраваны ў Шчучынскі РК КПБ для атрымання дакументаў, пасля чаго павінен быў з’явіцца ў распараджэнне камандавання 3-й арміі.

У бадай што ўсё, што мы знайшлі ў музеі, каб не старыя выразкі з газет, дзе 45 гадоў таму А.М.Валетаў расказвае пра свае баявыя подзвігі. Артыкул называецца “Вогненныя вёрсты”. У ім Аляксандр Міхайлавіч распавядае пра сваё ваеннае жыццё.

“Я служыў механікам-вадзіцелем танка ў горадзе Беластоку. Тут сустрэў вайну. Нягледзячы на бесперапынную бамбардзіроўку, нам удалося вывесці танкі на зыходныя пазіцыі, але там ужо нікога не было. З гэтага моманту мы дзейнічалі самастойна. З Беластока ўзялі кірунак на Ваўкавыск. Сустракаліся на нашым шляху дробныя групы праціўніка, але асаблівага супраціўлення танкам не аказвалі. Скончылася паліва і боепрыпасы, папоўніць не было дзе, таму мы 28 чэрвеня пакінулі тэхніку на балоце каля Слоніма і пайшлі пешшу на ўсход, прытрымліваючыся шашы Баранавічы-Мінск. Не раз траплялі на засады, расстаўленыя на дарогах і лясных сцежках. Ад роты засталося 17 чалавек.

10 ліпеня мы падышлі да Мінска, занятага ворагам. Разам са старшым лейтэнантам Броўкіным вырашылі хоць адну ноч адпачыць. Размясціліся ў разваленым калгасным хляве непадалёку ад лесу, выставілі вартавых. Я залез вышэй, закапаўся ў салому і адразу заснуў.

Прачнуўся ад выстралаў. Адкінуўшы салому, убачыў, што каля ўвахода стаяць немцы. Не паспеў выцягнуць наган, як нешта моцна стукнула мне ў шыю. Я па саломе скаціўся ўніз. Падняўся, чакаючы чаргі з аўтамата, але выстралаў не было.

Нас засталося толькі трое. Праз некаторы час пешшу пад канвоем прыйшлі ў Мінск, у лагер ваеннапалонных. У канцы жніўня з лагера нас таксама пешшу адправілі ў Брэст, потым у Белую Падляску на тэрыторыі Польшчы. Тут загрузілі ў эшалон і адправілі ў Германію. Недалёка ад Варшавы ноччу з 16 на 17 верасня мне ўдалося ўцячы. Прытулілі палякі, падлячылі, далі магчымасць набрацца сіл. У кастрычніку я накіраваўся на ўсход. Сустрэў яшчэ аднаго такога, як сам, потым другога, а на пачатку 1942 года нас ужо было сямёра. Мы зрабілі ў лесе зямлянку і жылі. Вясной зноў рушылі на ўсход. Каля Зельвы трапілі ў буйную аблаву. Наша група распалася, я зноў застаўся адзін. А праз дзень-другі трапіў у тыя месцы, дзе амаль год таму мы прабіваліся з баямі. На адным з хутароў сустрэўся з партызанам. Ён прыняў мяне за шпіёна, але ўсё ж завёў у лагер. Камандаваў атрадам Павел Булак.

Мне далі вінтоўку, уручылі каня з возам і адправілі для праверкі на заданне ў суправаджэнні трох партызан. Мне трэба было ў вёсцы Галынка забраць у паліцэйскага парсюка. Як і дамовіліся, мае праважатыя засталіся на ўскрайку вёскі, а я на возе паехаў па вуліцы. Гаспадар-паліцэйскі адчыніў дзверы, я сказаў яму, што партызанам патрэбны прадукты. Нямецкі прыслужнік аддаў мне вялікага парсюка, яшчэ і дапамог пагрузіць на калёсы. А ўся складанасць заключалася ў тым, што ў гэтай вёсцы стаяў паліцэйскі ўчастак, аднак не затрымалі па той прычыне, што паліцэйскія прынялі мяне за разведчыка і чакалі, што хутка з’явяцца яшчэ партызаны.

Праз столькі гадоў цяжка ўзнаўляць у памяці падзеі вайны, але некаторыя эпізоды ніколі не забудуцца. Вось адзін з іх. Мы з камандаваннем вырашылі аднавіць бронемашыну, якіх шмат было пакінута на пачатку вайны ў рэках і балотах. Спецыяльна створаная група ў складзе Васіля Пішчыліна, Спірыдона Кузняцова, Івана Ануфрыева, Фёдара Анушкіна і мяне знайшла ў Шчары бранявік, зацягнуты раскай  і ілам. З дапамогай мясцовага насельніцтва выцягнулі яго на бераг і на конях прыцягнулі ў лагер. Праз 10 дзён бранявік адрамантавалі.

Каб запусціць яго, патрэбен быў бензін, акамулятары, масла. Усё гэта трэба было адбіць у немцаў. Адна-другая засада не прынесла вынікаў. Час прыспешваў, бо вакол лагера немцы сталі замацоўваць гарнізон. Тады мы вырашылі завесці рухавік браневіка на шкіпінары, якога сяляне, што працавалі ў смалакурні, маглі дастаць многа. Наша спроба ўдалася. У пачатку кастрычніка 1942 года партызанская брыгада імя Леніна заблакіравала гарнізон у Рудзе-Яварскай. Пачатак бою быў прызначаны на 5 гадзін раніцы. Мы ў вызначаны час завялі рухавік браневіка, які папярэдне быў сюды падцягнуты. Васіль Пішчулін заняў месца камандзіра гарматы, а месца кулямётчыка дасталося Федзю Анушкіну, я ж быў за вадзіцеля. Мы накіраваліся ў цэнтр гарнізона, нас немцы прынялі за сваіх і не звярталі ўвагі. Я кіраваў машынай і добра бачыў размяшчэнне ўсіх дотаў. Пад’ехаў да адной амбразуры, а Пішчылін зрабіў у яе пару выстралаў асколкавымі снарадамі. Затым тое ж самае зрабілі каля другой. У гэты самы час з усіх бакоў адкрылі агонь партызаны. Ворагі разгубіліся, пачалі ў паніцы разбягацца. Разграміўшы агнявыя кропкі, мы выехалі з гарнізона, астатняе завяршылі партызаны.

Да пачатку восені 1942 года ў нас быў ужо другі бранявік і адна танкетка, бензін і масла для рухавікоў”.

Пасля вызвалення Дзятлаўшчыны Аляксандр Валетаў спачатку працаваў дырэктарам  райпрамкамбіната, а пасля быў пераведзены на пасаду загадчыка навучальнай часткі Навагрудскай аўташколы. Пазней пераехаў у Петразаводск. Працаваў старшым інжынерам аддзела аўтамотарэйкавага транспарту ўпраўлення Кіраўскай чыгункі, затым – начальнікам аўтаклуба, з 1955 года і да выхаду на адпачынак працаваў настаўнікам.

Наш музей захоўвае памяць пра героя-партызана, і хочаццца, каб напярэдадні святкавання Дня Перамогі пра яго даведаліся нашы землякі.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

559