З Днём друку!

Штогод 5 мая святкуецца Дзень друку. Музей беларускага кнігадрукавання віншуе са святам усіх, хто звязаны з друкам, — рэдактараў, выдаўцоў, аўтараў тэкстаў і чытачоў!

У экспазіцыі музея прадстаўлена не толькі разнастайная друкаваная прадукцыя. Асобная зала прысвечана паліграфічнаму абсталяванню XX стагоддзя. Сярод розных станкоў тут ёсць фрагмент лінатыпа 1940—1950-х гадоў, а менавіта частка яго наборнага апарата з клавіятурай. У той час лінатыпы складалі аснову парка наборных машын.

Лінатып — гэта радкаадліўная наборная машына, якая складаецца з трох асноўных апаратаў: наборнага, адліўнога і разборнага. Наборшчык з дапамогай клавіятуры набіраў на лінатыпе радкі тэксту. Гэтыя радкі фарміраваліся з асобных металічных літарных матрыц і кліноў, якія дазвалялі рэгуляваць шырыню прабелаў. Набраны з матрыц радок станавіўся формай для адліўкі лінатыпнага радка з металу. З адлітых радкоў паслядоўна фарміравалася паласа тэкставай друкарская формы.

Лінатып быў вынайдзены ў 1884 годзе ў ЗША О. Мергенталерам. У СССР выраб гэтых наборных машын пачаўся ў 1932 годзе на Ленінградскім заводзе паліграфічных машын. Сёння месца лінатыпаў заняла сучасная тэхніка, заснаваная на фотанаборы і камп'ютарнай вёрстцы. І ўсё ж, нягледзячы на значныя змены паліграфічнага абсталявання, друкаванае слова не губляе свайго значэння.

596