Адбылося мерапрыемства «Ці ў хаце, ці на двор — трэба галаўны ўбор»

7 траўня ў Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я адбылося мерапрыемства «Ці ў хаце, ці на двор – трэба галаўны ўбор», падчас якога госці музея пазнаёміліся з гісторыяй жаночых галаўных убораў. Сапраўдны майстар сваёй справы Настасся Глушко ўпершыню правяла майстар-клас па завязванню найстаражытнейшага традыцыйнага галаўнога ўбору – наміткі.

Як зрабіць намітку са звычайнай ільняной тканіны? Лічыцца, што працэс завязвання наміткі – гэта сапраўднае мастацтва, якое патрабуе пэўных навыкаў і шмат часу. Аказваецца, гэта не зусім так, калі ў вас ёсць веды і спрытныя рукі! Настасся паказала спосабы завязвання наміткі, характэрныя для розных рэгіёнаў Беларусі, раскрыла сакрэты гэтага старажытнага галаўнога ўбору. І моладзь, і старэйшае пакаленне слухалі майстра з захапленнем.

Напрыканцы сустрэчы ўсе з задавальненнем прынялі ўдзел у імправізаванай фотасесіі. І не дзіўна! У рэшце рэшт, некаторыя ўдзельнікі нечакана для сябе сталі мадэлямі, якія дэманстравалі розныя завязаныя наміткі.

 Музей ткацтва дзякуе Настассі Глушко за цікавы майстар-клас!

709