«Ноч музеяў-2022» адбылася!

У гэтым годзе Міжнародная акцыя «Ноч музеяў», у якой Музей кнігадрукавання ўдзельнічае болей за 10 год, была прымеркавана да 1160-годдзя найстаражытнейшага горада Беларусі.

Старажытны Полацк як бясконцая кніга, што вядзе свой аповед з даўніх часоў да сённяшняга дня. Старонкі гэтай кнігі напоўнены тысячамі гісторый пра славу і веліч, пра духоўны і ратны подзвіг, пра вучонасць і вучэнне, пра паразы і перамогі. Прачытать гэтую кнігу можна па-рознаму, нават … па цаглінах, яны як літары складаюць сцены і зводы храмаў, фасады дамоў, трубы фабрык і заводаў, печы, што саграюць жытло, і нават топкі паравозаў і параходаў. Сваёй асаблівай, нязвыклай нам мовай цагліны расказваюць пра матэрыял, час і тэхналогіі будаўніцтва, пра майстэрства дойлідаў, пра задумы архітэктараў, пра трагедыі разбурэнняў і агонь пажараў, пра аднаўленне старога і ўзвядзенне новага. Музей прапанаваў сваім гасцям прачытаць кнігу Полацка, расшыфраваўшы схаваныя цаглінамі гісторыі даўніх часоў і нядаўняга мінулага. Створаная музеем экспазіцыя інтэрактыўнай пляцоўкі «Об истории своей спросим мы у ... кирпичей!» уключала «дарослую» і «дзіцячую» часткі. У так званай Touch-зоне была прадстаўлена цэгла XII—XX стст., якую можна было не толькі разгледзець, але і памацаць. У частцы для дарослых ішла гаворка пра архітэктурныя помнікі Полацка, у частцы для дзяцей — пра сляды людзей і жывёл на паверхні будаўнічага матэрыялу.  Find-зона знаёміла з 5-ю самымі цікавымі, па меркаванні музейшчыкаў, фактамі пра звычайную, здавалася б, цэглу. Дэвіз Pick-зоны — «Скорость — ничто, смекалка — всё»: гасцям прапанавалі 5 пазнавальна-займальных заданняў, падказкамі да рашэння якіх служылі цагліны з разнастайнымі клеймамі і слядамі жывёл. Самым зацікаўленым архітэктурнай спадчынай старажытнага Полацка быў прапанаваны квэст-пуцевадзіцель па помніках архітэктуры старажытнейшай вуліцы горада. У правядзенні мерапрыемства музею дапамаглі валанцёры — навучэнцы філіяла УА «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» «Полацкі дзяржаўны лясны каледж».

Па традыцыі мерапрыемствы «Ночы музеяў» школьнікі і студэнты наведалі бясплатна, а дарослыя — па цане дзіцячага білета. Для гасцей таксама працавала музейнае кафэ і сувенірная крама. Сотні палачан і гасцей горада з цікавасцю правялі святочны вечар і надоўга захаваюць цёплыя ўспаміны пра сумесны час са сваёй сям'ёй ці сябрамі! 

612