Згадаем тут часы былыя... (да 220-годдзя Ігната Дамейкі)

Згадаем тут часы былыя... (да 220-годдзя Ігната Дамейкі)

Жыбартоўшчына. Такая далёкая і такая блізкая, свая. Адзінае, відаць, месца на Дзятлаўшчыне, дзе захаваліся рэшткі маёнтка, якім валодаў род Дамейкаў. Цёпла на сэрцы ад гэтага слова і балюча адначасова – пакуль разбурана зеўраюць сцены, самотна гледзячыся ў высокае неба, самотна шумяць дрэвы ля сядзібы, шуміць кустоўе на ветры. Разраслося, разбуялася без гаспадарскай чалавечай рукі. Не даходзяць пакуль рукі ў гаспадара будынка Канстанціна Шуляка да ўсяго, ды і сродкаў нестае, хоць задумы ёсць, і значныя. Так і сіроціцца Жыбартоўшчына, успамінаючы часы былыя, крокі Ігната на паркавых алеях, пах дэкаратыўных кустарнікаў у парку, музыку, што вечарамі неслася праз вокны маёнта па ўсім наваколлі. Жыбартоўшчына. Значнасць яе сёлета зноў успомнілася, выплыла з даўнасці гадоў. І звязана гэта з юбілеем Ігната Іпалітавіча Дамейкі, сусветнавядомага вучонага, нашага земляка, з яго 220-годдзем. Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей запланаваў канферэнцыю ў гонар слыннага земляка, якая плануецца на 31 ліпеня. І, канешне, з наведваннем Жыбартоўшчыны і Крупава на Лідчыне, дзе знаходзіцца музей, прысвечаны Ігнату Дамейку. Так атрымалася, што да нашых пошукаў і турбот наконт канферэнцыі далучыўся Зміцер Юркевіч, даследчык творчасці вучонага, супрацоўнік газеты “Культура”, і разам з ім мы арганізавалі пасадку дубкоў у розных мясцінах Беларусі, звязаных з самім Ігнатам і яго родам. Краязнаўцамі-энтузіястамі Дзятлаўшчыны дубок быў пасаджаны і ў Жыбартоўшчыне. Дамовіліся яго абнесці агароджай, абкласці вакол пліткай і паставіць камень у гонар юбілейнай даты. Няхай сабе расце паціху, мужнее і нагадвае пра земляка ды пра тое, што памяць жывая. А яшчэ да юбілею атрымалася сканіраваць і перавесці ў фармат PDF рэдкую кнігу, напісаную Пас Дамейка, “Ігнат Дамейка. З Мядзвядкі – у Санцьяга-дэ-Чылі. 1802–1889”. Кніга была перакладзена да 215-гадовага юбілею вучонага, тады ў 2018 годзе на Беларусь прыязджалі яго нашчадкі. У кнізе – безліч каштоўнай інфармацыі не толькі пра Ігната Іпалітавіча Дамейку, філамата, інсургента, вядомага геолага і мінералога, нацыянальнага героя Чылі, але пра яго сям’ю. Экзэмпляраў гэтай кнігі няшмат, нават у Зміцера Юркевіча, які ўдзельнічаў у перакладзе выдання на беларускую мову, яе не было. Адзіны асобнік захоўваўся ў сям’і Шулякоў, ім падаравала яго сама аўтарка. Кніга на нейкі час трапіла ў Дзятлаўскі музей на выставу, прысвечаную знакамітым землякам. Чым не выпадак адсканіраваць? Зараз кнігу можа прачытаць кожны, хто цікавіцца жыццём і дзейнасцю Дамейкі. І гэта цудоўна. І часу на такое зусім не шкада. Але вернемся да Жыбартоўшчыны. Як жа яна звязана з імем вучонага? Ігнат Іпалітавіч Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён) у сям'і былога земскага суддзі. Пасля смерці бацькі ў 1809 годзе за Ігнатам прыглядалі дзядзькі: Ігнацій – гаспадар маёнтка Жыбартаўшчына, што за кіламетр ад Дзятлава, і Іосіф з Азяранаў, які пасля заканчэння Галоўнай літоўскай школы вывучаў мінералогію ў горнай акадэміі нямецкага горада Фрайберга. Яны і адправілі дзесяцігадовага пляменніка ў Шчучын. Там манахі ордэна піяраў утрымлівалі школу, вядомую высокім узроўнем ведаў. Сучасныя даследчыкі, аналізуючы змест тагачасных піярскіх падручнікаў фізікі, матэматыкі, гісторыі, здзіўляюцца прыгажосці іх мовы, логіцы падачы матэрыялу. Дарога да ведаў прывяла са Шчучына ў Вільню. 20 верасня 1816 года Ігнат Дамейка быў прыняты на факультэт фізічных і матэматычных навук Віленскага ўніверсітэта. Акрамя фізічных і матэматычных курсаў, студэнтам фізіка-матэматычнага факультэта выкладалі тапаграфію, архітэктуру, рыхтуючы іх да прафесіі інжынера, якая асабліва прываблівала Ігната. Студэнты вывучалі яшчэ замежныя мовы, гісторыю, літаратуру. Менавіта на лекцыях паэзіі Дамейка пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, пасябраваў з ім. Ва ўніверсітэце разам са сваімі землякамі А. Міцкевічам і Я. Чачотам Дамейка браў удзел у таемным таварыстве філаматаў. У 1822 годзе І. Дамейка скончыў Віленскі ўніверсітэт, атрымаў ступень магістра філасофіі. А ўвосень 1823 г. разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху быў арыштаваны і высланы з Вільні пад нагляд паліцыі. Шэсць гадоў Дамейка правёў у маёнтках дзядзькі Ігната: спачатку ў Жыбартаўшчыне, недалёка ад Дзятлава, потым у Заполлі на Лідчыне. Яму назаўжды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім, таму Дамейка ў сваёй гаспадарцы пачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Пазней А. Міцкевіч у паэме Дзяды паказаў сябра ў вобразе эканома Жэготы (такая мянушка была ў Дамейкі ва ўніверсітэце). І. Дамейка прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гадоў, змагаючыся ў атрадзе генерала А. Хлапоўскага. Пасля паражэння паўстання вымушаны быў эміграваць. У 1837 годзе скончыў горную школу ў Парыжы, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, дапамагаў А. Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы "Пан Тадэвуш". Па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў І. Дамейка прыняў прапанову чылійскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы ў горадзе Какімба на поўначы Чылі і ў 1838 адплыў туды. За тры месяцы Дамейка вывучыў іспанскую мову і з гэтага часу ўсе свае веды, творчы патэнцыял і энергію пачаў аддаваць новай радзіме. Пасля заканчэння тэрміну кантракта Дамейку запрасілі ў сталічны горад Сант'яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва ўніверсітэце. З 1867 па 1883 год І. Дамейка быў рэктарам гэтага ўніверсітэта. Ён заснаваў мінералогію ў Чылі, напісаў падручнікі па фізіцы, хіміі, мінералогіі. Стварыў хімічную і горную лабараторыі, тры музеі, у тым ліку мінералагічны і этнаграфічны, розныя навуковыя калекцыі. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы Ігнат Дамейка ўвёў у Чылі метрычную сістэму мер і вагі. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейка апублікаваў на розных мовах у 130 навуковых працах, якія прынеслі яму сусветную вядомасць. Дамейка назаўжды парадніўся з Чылі, быў жанаты з чылійкай. Але ніколі не забываўся пра сваю далёкую Радзіму, заўсёды марыў пра яе. Ён некалькі разоў хацеў наведаць родны край, але яго стрымліваў то кантракт, то паўстанцкае мінулае. Пасля смерці жонкі туга па Радзіме падступала ўсё часцей і часцей. І. Дамейка пісаў, што ніякія багацці Новага свету, прыгажосці неба і гор, добразычлівасць тутэйшых людзей, заслугі, дабрабыт, нават магіла жонкі не ўтрымаюць, калі яму прадставіцца магчымасць з дзецьмі вырвацца за акіян, ды "хоць бы адзін дзень перад смерцю паглядзець на нашу зямлю ". І. Дамейка збіраўся ехаць на радзіму ў канцы 1877 разам з дачкой і зяцем. Год таму (у 1876) у Сант'яга прыехаў пляменнік Лявон, сын брата Казіміра. Лявон закахаўся ў Аніту, дачку Дамейку, яна адказала яму ўзаемнасцю. Было вырашана, што яны ажэняцца, а жыць будуць у маёнтку Жыбартаўшчына. Разам з маладымі сабраўся ехаць і Ігнат Дамейка, але яго трэці раз абралі рэктарам універсітэта, таму быў вымушаны застацца. Толькі ў 1883 годзе ўрад Чылі прыняў адстаўку І. Дамейкі. А ў 1884 годзе на вакзале Сант'яга сябры, дэпутаты парламента, сваякі жонкі, універсітэцкія прафесары і студэнты праводзілі яго на Радзіму. Гучалі воклічы "Viva Domeyko!", аркестр іграў нацыянальны гімн Чылі, выступалі сябры і студэнты. Раніцай 9 жніўня 1884 года на станцыі Гарадзея Ігната Дамейку з сынамі сустракалі шматлікія сваякі і пляменнікі, а таксама дачка Аніта з зяцем. Па дарозе ў Мядзведку Дамейка любаваўся роднымі краявідамі. Са слязамі радасці абабег усе пакоі дома, дзе нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства. Ён наведаў памятныя мясціны наваколля, з'ездзіў на магілы бацькоў. 15 жніўня 1884 года пасля наведвання Азеран Дамейка адправіўся ў Жыбартаўшчыну. З заміраннем сэрца праехаў праз Дзятлава. У сваіх успамінах І. Дамейка пісаў, як горача забілася сэрца, калі праз 53 гады, выехаўшы з Дзятлава, з узгоркаў убачыў дзве ліпы на полі, сад, прышчэплены дзядзькавай рукой, і жыбартаўшчынскі каменны дом. Зяць і дачку сустрэлі на ганку хлебам-соллю і мёдам. Ігнат Іпалітавіч абдымаў кожнага: служанак, кухараў і пастухоў, садоўнікаў, парабкаў, дзяцей. Ён абышоў дом, сад, стайню. Усё так, як і было, толькі зяць абнавіў пакоі, да дома дабудавалі прыгожы ганак і галерэю. На наступны дзень Дамейка абышоў нядаўна скошаныя лугі, палі аўса і гароху. Як ён адзначае ў сваіх успамінах, усюды адчуваў дух дзядзькі Ігната. Дамейка наведаў месца, дзе дзядзька Ігнат быў пахаваны – хваёвы лясок на ўзгорку пры яго любімай вёсцы Нарцавічы. Цешылі душу Дамейкі словы простых сялян, якія казалі, што памятаюць яго яшчэ маленькім. Іх мясцовая гаворка засталася навечна на старонках яго ўспамінаў „Мае падарожжы. Дзённікі Выгнанніка”. Дамейку цёпла і добра было ў Жыбартаўшчыне, душа адпачывала сярод родных палёў і лясоў. Але няўрымслівая натура даследніка патрабавала новых адкрыццяў. Некалькі разоў Дамейка выязджаў у Парыж, наведаў Рым, Іерусалім. Чатыры гады (1884-1888), якія ён прабыў у Жыбартаўшчыне, праляцелі незаўважна. Госць так і застаўся госцем. На Радзіме ён быў патрэбны толькі родным. Дамейку, які ўсё жыццё працаваў, займаўся любімай справай, не такімі бачыліся апошнія гады жыцця. І ён вярнуўся ў Чылі, дзе быў запатрабаваны, дзе яго чакалі – і, відаць, не выпадкова праз год пасля яго ад'езду там адчаканілі залаты медаль з партрэтам Дамейкі. Пасля вяртання ў Чылі Дамейка пражыў нядоўга. 23 студзеня 1889 года ў краіне была аб'яўлена жалоба: памёр нацыянальны герой Чылі. Але яго імя жыве ў Чылі, жыве на Беларусі і ва ўсім свеце. Як бачым, Жыбартоўшчына была для Ігната Дамейкі месцам сэрца, куды яго цягнула многія гады. А сёння мы маем гонар быць там, збіраць гасцей і ўспамінаць вялікага вучонага. На канферэнцыю ў гонар 220-годдзя Ігната Дамейкі ўжо запрошаны госці з Мядзведкі, Шчучына, Крупава і іншых мясцін, вучоныя з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, настаўнікі гісторыі Дзятлаўшчыны, вучні, краязнаўцы. Мы шчыра запрашаем да нас усіх, каму неабыякавыя спадчына вялікага вучонага і памяць пра яго. І напрыканцы хочацца прывесці вершы да палатна “Маёнтак Жыбартоўшчына” нашага земляка, мастака Івана Козела.

Была шляхетнаю яна,

Паненкай вельмі гожай,

І ганароваю была,

І надта ўжо вяльможнай.

У кветках уся, у пекнаце,

У дрэвах векавечных,

Стаяла на зямлі маёй

І марыла пра вечнасць.

Ігната крокі берагла

І памяць захавала

Пра тое, як даўным-даўно

У нягодах прытуляла.

Ах, Жыбартоўшчына мая,

Разбураная часам,

Стаўкі, масточкі –

Дзе яны?

Ці лёс уратавацца?

Будзем аптымістамі, будзем верыць, што Жыбартоўшчына абавязкова адродзіцца.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

556