Выстава «Покрывы веры. Сакральны тэкстыль Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»

У межах Міжнароднага свята традыцыйнай культуры "Браслаўскія зарніцы" 5 чэрвеня адбылося адкрыццё выставы«Покрывы веры. Сакральны тэкстыль Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Збіранне помнікаў беларускага мастацтва і матэрыяльнай культуры, іх вывучэнне, рэстаўрацыя, увядзенне ў шырокае навуковае карыстанне і папулярызацыя – важнейшыя напрамкі дзейнасці Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ім захоўваюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, але зберагаецца велізарны, неацэнны духоўны патэнцыял нацыі, увасоблены ў помніках культуры і мастацтва.

Музей старажытнабеларускай культуры – унікальная з’ява, якая аб’яднала навуковы акадэмічны асяродак і музейную ўстанову. Калекцыі музея, з’яўляюцца неацэнным летапісам многіх стагоддзяў, на рукатворных старонках якога ўвасобіўся багаты і складаны лёс народа, розныя гістарычныя эпохі яго жыцця, канфесійныя традыцыі і характар ідэйных поглядаў грамадства.

На выставе «Покрывы веры. Сакральны тэкстыль Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» прадстаўлены царкоўнае аблачэнне, абразы, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта невялікі, але вельмі знакавы фрагмент з багатай карціны мастацкага жыцця краіны XVIII – XIX стагоддзяў. Убачыць іх у першапачатковым выглядзе стала магчымым дзякуючы намаганням супрацоўнікаў музея, іх карпатлівай збіральніцкай, даследчыцкай і рэстаўрацыйнай працы.

Абразы, царкоўнае аблачэнне, прадметы літургічнага ўжытку – гэта свайго роду цудоўныя, жыватворныя покрывы веры, увасабленне не толькі багатай нацыянальнай культурнай спадчыны, але і ўдзячная павага нашым продкам, напамін іх нашчадкам аб адвечных традыцыях айчыннага мастацтва.

Выстава будзе дзейнічаць да сярэдзіны ліпеня.

616