Айчынная вайна 1812 года: 210 гадоў з дня нападу напалеонаўскіх войск на Расійскую імперыю

Айчынная вайна 1812 года: 210 гадоў з дня нападу напалеонаўскіх войск на Расійскую імперыю

 

ВАЙНА 1812 Г. НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

12 (24) чэрвеня 1812 г. 600-тысячнае войска імператара Францыі Напалеона I, у якой налічвалася 120 тыс. палякаў, перайшла р. Нёман і ўварвалася на тэрыторыю Беларусі. Каб дамагчыся падтрымкі ў польскіх і мясцовых беларускіх землеўладальнікаў, Напалеон напярэдадні вайны паабяцаў адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Таму значная частка мясцовай шляхты не падтрымлівала абарончых мерапрыемстваў царскай адміністрацыі і, у прыватнасці, захавала харчовыя склады да прыходу напалеонаўскіх войскаў. 1-у і 2-у расійскія арміі пад кіраўніцтвам генералаў М. Барклая дэ Толі і П. Баграціёна па беларускіх землях суправаджалі баі з напалеонаўскімі войскамі. Яны адбыліся пад Вішневам, Івянцом, Барысавам, Свіслаччу, Ігуменам, Старым Быхавам. Найбольш значныя бітвы адбыліся ў раёне м. Мір і пад Кобрынам. У баях пад Магілёвам ля вёсак Салтанаўка, Дашкаўка і Навасёлкі расійскія воіны праявілі ўзоры мужнасці і гераізму. У складзе расійскіх войскаў змагалася значная колькасць беларусаў. У ліпені 1812 г. большая частка Беларусі (акрамя паўднёвых паветаў) была занята войскамі Напалеона.

Насельніцтва Беларусі падзялілася ў сваіх сімпатыях: меліся як прыхільнікі Расіі, так і прыхільнікі Напалеона. Большасць шляхты сімпатызавала Напалеону і бачыла ў ім уваскрашальніка Рэчы Паспалітай. Вельмі негатыўна паставілася да Напалеона праваслаўная царква.

Маса беларускага сялянства заставалася індыферэнтнай і была заклапочана толькі тым, як пазбегнуць жахаў вайны, захаваць сваю маёмасць. Упачатку частка сялянства чакала ад Напалеона скасавання прыгоннага права (як адбылося ў Польшчы, дзе сяляне ў 1807 г. атрымалі асабістую свабоду) і сталі нападаць на панскія сядзібы. Але Напалеон не апраўдаў іх надзей. Ён загадаў высылаць воінскія каманды для ўціхамірвання мяцежнікаў. Многія сяляне, забраўшы жывёлу і маёмасць, сыходзілі ў лясы, пачыналі партызанскую вайну. Напалеон вымушаны быў пакінуць у Беларусі 100-тысячны атрад для барацьбы з партызанамі, аховы камунікацый, збору правіянту і фуражу.

На тэрыторыі Беларусі ствараліся ўзброеныя фармаванні, якія ваявалі на супрацьлеглых баках. Напрыклад, для войска Напалеона былі створаны чатыры палкі кавалерыі, пяць палкоў пяхоты, гвардзейскі ўланскі полк і інш. З іншага боку – у шэрагах рускіх войскаў пад Барадзіно, паказваючы ўзоры мужнасці і адвагі, ваявала не менш за 10 тыс. беларусаў, якія былі рэкрутаваны ў рускае войска. Сотні юнкераў, унтэрафіцэраў і радавых Літоўскага ўланскага палка за ўдзел у бітве пад Барадзіно атрымалі ваенныя ўзнагароды.

1 ліпеня 1812 г. у Вільні была створана Камісія часовага ўпраўлення Вялікага Княства Літоўскага (урад) з прадстаўнікоў мясцовай шляхты. Узначаліў камісію былы старшыня першага дэпартамента Мінскага галоўнага суда Камінскі. Мінскім губернатарам стаў польскі арыстакрат Бранікоўскі. У Віцебскай і Магілёўскай губернях былі заснаваны камісіі "польскага праўлення", апарат якіх камплектаваўся польскай шляхтай і падпарадкоўваўся французскаму камандаванню. У хуткім часе губерні былі перайменаваны ў дэпартаменты, якімі кіравалі французскія губернатары.

Асноўныя нягоды вайны леглі на плечы сялянства, якое стала аб'ектам сістэматычных рэквізіцый і звычайнага рабавання абодвух бакоў. Новая ўлада павялічвала паборы з насельніцтва, не забываючы нават спагнаць нядоімкі, якія ўтварыліся пры рускай уладзе. Гэта выклікала ўсё незадаволенасць насельніцтва. Яна расла.У немалой ступені гэтаму спрыяла марадзёрства напалеонаўскіх салдат. Многія сяляне станавіліся партызанамі, якія пры зручным выпадку нападалі на французскіх салдат. Партызанскі рух прыносіў мноства непрыемнасцяў акупантам, чым аб'ектыўна дапамагаў рускім войскам.

Адступленне французскай арміі праходзіла праз тэрыторыю Беларусі. У сярэдзіне лістапада войска Напалеона падышла да Барысава і пачала перапраўляцца праз Бярэзіну ў раёне в. Студзёнкі. Тут французы страцілі больш за 20 тыс. салдат і афіцэраў. 22 лістапада каля Маладзечна быў разбіты апошні атрад французскай арміі. Са Смаргоні Напалеон, пакінуўшы рэшткі сваіх войскаў, у адзенні польскага афіцэра збег у Парыж.

Вайна прынесла беларускаму народу вялізныя бедствы. Беларусь страціла мільён жыхароў, а інакш кожнага чацвёртага. Віцебск, Полацк, Гродна і іншыя населеныя пункты былі разрабаваны і спалены. У Мінску ў 1811 г. налічвалася 11200 жыхароў, а ў канцы 1812 г. – толькі 3480.

12 снежня 1812 г. Аляксандр I падпісаў маніфест, які абвяшчаў «Забыццё мінулага, усеагульнае прабачэнне». Улады не сталі пераследваць ні ўдзельнікаў вайны супраць Расіі, ні тых, хто працаваў пры Напалеоне ў органах кіравання. Гэта выратавала ад спусташэння многія маёнткі, прадухіліла эміграцыю. Дваранства Вільні ўчыніла баль у гонар імператара Расіі ў той жа зале, дзе некалькі месяцаў таму быў такі ж баль у гонар Напалеона.

Што тычыцца Дзятлаўшчыны, то дакументальных звестак пра той час не знойдзена. Магчыма, адкрыцці яшчэ наперадзе, але ў фондах нашага музея маецца гузік з формы французскага салдата. Кажуць, яго знайшлі каля Засецця і там у час напалеонаўскага нашэсця былі пахаваны французскія салдаты. Ва ўсякім разе, гадоў з дзесяць таму ў дзятлаўскую гімназію прыязджалі французы, яны шукалі месцы пахавання сваіх землякоў і ездзілі на поле каля Засецця. Але наўрад ці там нават месца пахавання можна знайсці. Час усё знішчае не шкадуючы.

А калі хтосьці з нашых землякоў мае нейкую інфармацыю пра вайну 1812 года на Дзятлаўшчыне, просім падзяліцца ёй. Будзем вельмі ўдзячныя.

Тэлефон музея: 60-9-27

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік музея

553