100 год з дня нараджэння Алеся Савіцкага

8 студзеня адзначаем 100-годдзе з дня нараджэння беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча, ганаровага грамадзяніна г.Полацка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.

Алесь Савіцкі – аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў і апавяданняў для дзяцей.

Найбольш важкае слова пісьменнік сказаў, асэнсоўваючы падзеі Вялікай Айчыннай вайны, сведкам і ўдзельнікам якіх быў асабіста. У часы ліхалецця ён быў партызанам-падрыўніком, удзельнічаў у баях за вызваленне Літвы і Польшчы, за ўзяцце Берліна, быў тройчы паранены.

Ваенная тэма адлюстравалася ў трылогіі «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983), раманамі «Зямля не раскажа» (1980), «Верасы» (1985), «Обаль» (1989) і інш.

Акрамя вайны, Аляксандр Ануфрыевіч пісаў пра жыццё моладзі ў пасляваенны час, індустрыялізацыю, духоўнае сталенне савецкага грамадства, маральныя прынцыпы, лепшыя якасці рабочага чалавека (аповесці «Кедры глядзяць на мора», «Пасля паводкі», «Самы высокі паверх», «След пракладае першы», раман «Жанчына» і інш.). Значную частку пісьменніцкай спадчыны складаюць творы для дзяцей (зборнік апавяданняў «Шкляная нітка», казачная трылогія «Дзівосы Лысай гары»).

Алесь Савіцкі – значная постаць у гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. Шэраг яго твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

285