Гарадзішча ў в. Чарнагосце (помнік археалогіі)

Помнік археалогіі, гiсторыка-культурная каштоўнасць Рэспублiкi Беларусь 3-яй катэгорыi паводле Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21.09.2010 № 1351 “Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей”– Шыфр: 213В000917

Помнік археалогіі адносіцца да ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н.э. – V стагоддзе н.э.). Ён размяшчаецца на тэрыторыі Соржыцкага сельскага савета Бешанковіцкага раёна, Віцебскай вобласці, 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Чарнагосце, 0,9 км на захад ад вёскі Беркава, на правым беразе ракі Чарнагосніца. Гарадзішча ўяўляе сабой пляцоўку памерам 68х48 м, выцягнутую з поўдня на поўнач, узнятую над падножжам на 7-10 м. З паўночнага боку - роў глыбінёй 2 м і два валы вышынёй 2,1-2,5 м.

Уся пляцоўка помніка занята пад сучасныя грамадзянскія могілкі вёскі Беркава (пахаванні адбываюцца і па сёняшні дзень).

Дадзенае гарадзшча – гэта рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча, якое размяшчалася на ледавіковым марэнавым пагорку, плямён днепра-дзвінскай культуры ранняга жалезнага веку.

Паяўленне гарадзішчаў звязана з пераходам насельніцтва да заняткаў жывёлагадоўляй і земляробствам, якія дазволілі назапашваць прадукты харчавання і іншую маёмасць. Рост прадукцыйных сіл садзейнічаў з’яўленню і паглыбленню супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі, што і выклікала ўзмацненне ваеннай небяспекі. Узнікла неабходнасць пасяляцца на ўмацаваных прыродай мясцінах і будаваць абарончыя ўмацаванні, якія рабіліся з такім разлікам, каб больш эфектыўна абараняць маёмасць роду ад варожых нападаў. Днепра-дзвінская культура Беларускага Падзвіння характарызуецца шэрагам адметных рыс: перавага слоікападобных форм посуду і арнаментаваных гаршкоў; працяглае шырокае выкарыстанне вырабаў з косці і каменю амаль да мяжы эр; наяўнасць спецыфічных вырабаў, характэрных толькі для тэрыторыі Паўночнай Беларусі (сярпы з прамавугольнай спінкай, шпількі з вялікай галоўкай, некаторыя ўпрыгожанні з косці і інш.). Лічыцца, што носьбіты днепра-дзвінскай археалагічнай культуры адносіліся да балцкага этнасу. В.В. Сядоў днепра-дзвінцаў адносіў да дняпроўскай групы балтаў.

Помнік археалогіі выяўлены ў 2-й пал. XIX ст. згодна звестакам Сарокіцкага (Соржыцкага) народнага вучылішча Астровенскай воласці (калекцыя ІГАН БССР, № 1238). Першапачаткова помнік быў прывязаны да вёскі Беркава Соржыцкага сельсавета, якая знаходзіцца за 0,9 км на ўсход.

Археолагі К.П.Шут (1969), Г.В.Штыхаў (1971), М.М.Чарняўскі (1972), Э.М.Зайкоўскі (1981) абследавалі гарадзішча і зрабілі прывязку археалагічнага помніка да в.Чарнагосце, якая размяшчаецца за 1 км на паўночны захад.

Згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама № 297 ад 16.07.1976 помнік археалогіі ўзяты пад ахову дзяржавы.

Пад № 443 гарадзішча каля в.Чарнагосце ўключана ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі па Віцебскай вобласці 1985 г.

На прылягаючай да гарадзішча тэрыторыі сустракаецца ляпная кераміка з грубай шышкаватай паверхняй. У гліне пасудзін вялікія дамешкі жарствы.

104