
У Мастацкай галерэі з 25 красавіка пачала працаваць выстава «Дзень Перамогі», прысвечаная 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У Рэспубліцы Беларусь 9 мая адзначаецца Дзень Перамогі — свята перамог СССР над нацысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў.
Беларусы — адна з найбольш пацярпелых у выніку Другой сусветнай вайны нацый. Паводле дадзеных сучасных даследчыкаў, наша рэспубліка падчас Вялікай Айчыннай вайны страціла каля 3 мільёнаў чалавек, ці кожнага трэцяга свайго жыхара. Памяць пра страшную вайну і Вялікую Перамогу не можа згаснуць: яна навекі ўпісана ў гісторыю Айчыны і кожнай беларускай сям'і.
На выставе «Дзень Перамогі» прадстаўлены мастацкія творы з фондаў Беларускага саюза мастакоў, прысвечаныя подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Жывапісныя і графічныя кампазіцыі былі створаны ў 1970- 1980-я мастакамі рознага ўзросту, сярод якіх такія мэтры беларускага мастацтва, як Аляксандр Кішчанка, Уладзімір Кухараў, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч.
Выстава працуе з 25 красавіка па 25 мая 2025 года.