«Дзверы наросхрыст: учора і сёння (Türen auf - damals / heute)»

12 ліпеня а 16-ай гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы і прэзентацыя кнігі ў рамках міжнароднага праекта «Дзверы наросхрыст: учора і сёння (Türen auf - damals / heute)».

Аўтары міжнароднага праекта паспрабавалі адказаць на вечныя пытанні «Як жывем мы? Як жывуць іншыя?»

Адказы на гэтыя пытанні паспрабавалі знайсці праз 12 гадоў: ад перасоўнай выставы 2005 года да выдання 2018-га.

У 2005 годзе міжнародная рабочая група праекта «Дзверы наросхрыст: учора і сёння» апісала 31 дом у шасці краінах: Беларусі, Латвіі, Румыніі, Расіі, Швейцарыі і Славакіі. Яны сфатаграфавалі хаты звонку, жыхароў перад уваходам у іх дом, выгляд з кватэры, кухню, жылую зону і любімае месца яго насельнікаў. Агульную карціну дапоўнілі фатаграфіі абстаноўкі і гісторыі жыцця дамачадцаў. Перасоўная выстава была паказана 20 разоў у 9 краінах у 2005-2010 гадах, у тым ліку ў Мінску ў 2006 годзе.

Праз 12 гадоў стваральнікі праекта вырашылі сканцэнтравацца на адным з дамоў у кожнай краіне. Аўтары паспрабавалі пераасэнсаваць і атрымаць новае разуменне гісторый людзей, якія адкрылі свае дзверы ў другі раз. Спачатку ў 2005 годзе, а затым у 2017-м. У кнізе, апублікаванай у 2018 годзе, жыццё мінулага і сучаснасці дня прадстаўлены побач. Акрамя таго, можна ўбачыць новыя дамы ўдзельнікаў праекта, гісторыі членаў іх сем'яў.

Выстава ўяўляе сабой больш за 30 планшэтаў з выявамі дамоў і побыту людзей, якія адчынілі свае дзверы для нас з вамі. Міжнародны праект з поспехам прайшоў у Румыніі і працягвае сваё падарожжа ў Мінску.

Выстава створана пры падтрымцы Згуртавання архітэктараў Швейцарыі (Vereinigung Schweizer Innenarchitekten / architektinnen), Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

689