"З кім век векаваць?"


Удзельнікі гурта архаічных спеваў Княжыч

Музей ткацтва і народны гурт архаічных спеваў “Княжыч” запрашае ўсіх незамужніх дзяўчат і, увогуле, усіх тых, хто жадае вызначыць свой лёс у наступіўшым годзе да калядных варожбаў, што адбудуцца 17 студзеня а 16-й гадзіне.

Варажба – адзін з самых істотных кампанентаў традыцыйнай духоўнай культуры. Нашыя продкі заўсёды хацелі хаця б трошачкі зазірнуць у гэты таямнічы свет і даведацца аб будучым ўраджаі, прыплодзе жывёлы, важных падзеях, уласным здароўі.

Найбольш распаўсюджанай была варажба на Каляды. Прадказанне ў гэты час набывала надзвычайную актуальнасць. Па-першае, паводле ўяўленняў, святы прыходзіліся на момант зімовага сонцавароту і ўсведамляліся як памежны перыяд паміж старым і новым гаспадарчым годам. Па-другое, гэта комплекс уяўленняў нашых продкаў аб прыходзе ў першы дзень Каляд на зямлю з таго света душ памерлых і аб разгуле нячыстай сілы з Каляд да Вадохрышча. Нябачная прысутнасць духаў сярод жывых людзей забяспечвала, па народных уяўленнях, магчымасць зазірнуць у сваю будучыню, чым і тлумачацца шматлікія формы калядных варожб.

Найвялікшай разнастайнасцю сярод усіх калядных варожб адрозніваліся дзявоцкія, якія павінны былі адказваць на пытанні як агульнага, так і досыць пэўнага характару. Варажылі аб будучым замужжы, характары ці выглядзе мужа альбо жонкі, колькасці дзяцей і т.п.

Прыходзьце, мы чакаем вас!

87