ХХХІІ літаратурна-музычнае свята “КАЛАСАВІНЫ”,прымеркаванае да Года малой радзімы, 95-годдзя паэмы “Новая зямля” і 100-годдзя першага выдання паэмы “Сымон- музыка”


 ХХХІІ літаратурна-музычнае свята «КАЛАСАВІНЫ». Литературно-мемориальный музей Якуба Коласа. г. Минск, 2018 г.

Жыццё народнага паэта Беларусі Якуба Коласа - выдатная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры, а творчасць паэта ілюструе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны, велізарны пласт нацыянальнага жыцця падымаецца да мастацкага ўсведамлення агульначалавечых глабальных праблем. Багаты і неабсяжны ўнутраны свет простага беларуса, яго мары і памкненні, яго думкі і перажыванні, творчыя і жыццёвыя пуціны самога паэта – усё гэта ўвасобілася ў паэмах “Новая зямля ”, якая па праву лічыцца энцыклапедыяй беларускага сялянства, і “Сымон-музыка”, дзе чырвонай ніццю праходзіць ідэя непераможнасці народнага мастацтва як сведчання духоўнай сілы народа.

Годам малой радзімы быў абвешчаны 2018 год, і сімвалічна, што менавіта сёлетнія “Каласавіны” прысвечаны ўгодкам самых знакамітых паэм народнага паэта.

Юбілейныя даты сусветнавядомых паэм народнага паэта Беларусі “Новая зямля” і “Сымон-музыка” будуць адзначаны разнастайнымі святочнымі мерапрыемствамі, якія бліжэй пазнаёмяць грамадскасць Беларусі з літаратурным геніем.

Юбілейныя ўрачыстасці пройдуць на працягу 1 - 3 лістапада 2018 года.

1 лістапада ў 10.30 у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пачнецца дзіцячы ранішнік “Казкі жыцця”. На свяце дзеці прадэманструюць веданне вершаў Якуба Коласа, пагуляюць у беларускія народныя гульні. На мерапрыемства запрошаны вядомыя беларускія дзіцячыя пісьменнікі і мастакі.

2 лістапада ў 10.00 ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё XXXІI навуковай канферэнцыі «Каласавіны-2018», прысвечанай 100-годдзю першага выдання паэмы Якуба Коласа «Сымон-музыка» і 95-годдзю паэмы «Новая зямля». У канферэнцыі прымуць удзел навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, сталічных і абласных вышэйшых навучальных устаноў, музеяў, а таксама навукоўцы з Расіі, Польшчы і Літвы.

3 лістапада ў 9.00 на плошчы Якуба Коласа адбудзецца ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу.

У 11.30 на малой радзіме Якуба Коласа ва ўстановах культуры г. Стоўбцы, на мемарыяльных сядзібах музея пачнецца літаратурна-музычнае свята “Каласавіны”, у рамках якога адбудзецца святочная сустрэча з грамадскасцю ў гарадской бібліятэцы, а таксама выступленне творчых калектываў Стаўбцоўскага раёна.


САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!


Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
Афіцыйны сайт музея: www.yakubkolas.by

312