Міжнародны фестываль пост-скульптуры

07.11.2018 19:00

Легендарны Ёзэф Бойс лічыў, што скульптурай з'яўляецца любое пазітыўнае сацыяльнае дзеянне – скажам, пасадка дрэў. Безумоўна, гэта дысануе з традыцыйным для нас разуменнем скульптуры – як чагосьці бронзавага і абавязкова нерухомага, здатнага моўчкі глядзець на мітуслівы свет з вышыні свайго пастамента. Мы перакананыя, што магчымасці аднаго з самых старажытных відаў мастацтваў – куды больш маштабныя, чым многія прывыклі думаць.

Скульптура – гэта нейкі аб'ём, трансфармаваны творчым высілкам. Але хто сказаў, што аб'ём абавязкова павінен быць абмежаваны толькі трыма вымярэннямі і выкананы ў цвёрдым матэрыяле? Можна ж сабе ўявіць, напрыклад, аб'ём гуку, або святла, або суперажывання, або…

Фестываль пост-скульптуры -- гэта даследаванне самых розных аб'ёмаў і глыбінь. Некаторыя з іх фармалізаваныя ў тых ці іншых творах, а некаторыя могуць быць адчутыя толькі інтуітыўна.

Сёлетні фэст постскульптуры – гэта трохгадзінны кактэйль самых розных ідэй, памкненняў і аўтарскіх практык. І тое, як ён паўздзейнічае на свядомасць наведвальніка, у значнай меры залежыць ад яго самога.

Важным інгрыдыентам у гэтай куламесе з’яўлюцца разнастайныя пэрфарматыўныя практыкі. Гледачоў чакае правакатыўны рытуал чэшскай аўтаркі Яны ОРЛАВАЙ і інтравертная медытатыўная дзея Аляксандра ЗАЙЦАВА, выклік на дуэль ад Міхаіла ГУЛІНА і ўдзел у будаўніцтве сацыяльнай скульптуры групай ЭКЗАРЦЫСТЫЧНЫ GESAMTKUNSTWERK.

Як заўсёды, фэст прэзентуе адзінкавыя і непаўторныя праекты, якія ўвасабляюць сутыкненне ня толькі розных відаў мастацтва, але і мастацтва ды жыцця. Гэтым разам такой падзеяй стане супольны скульптурны перформанс латвійскай аўтаркі Велты ГУТМАНЕ і актывістаў групы АРТ “НУ-ВО!”, якія стала пражываюць у псіханеўралагічным інтэрнаце. Дарэчы, да гэтай дзеі зможа далучыцца кожны ахвотны.

Відэа-арт, па нашай традыцыі, будзе прадстаўлены “не так, як заўсёды”. Расійскі мастак Сяргей КАТРАН, які арганічна спалучае дакладныя навукі з метафізічнай няпэўнасцю, з дапамогай мультымедйных сродкаў дапаможа прасачыць за патаемным жыцьцём грыбоў у нетрах зямлі. Лідар “новай хвалі” беларускага кіно Андрэй КУДЗІНЕНКА на мінулым Фестывалі постскульптуры не паказваў, а здымаў свой фільм – пра тое, як футбольныя фанаты нечакана для сябе патрапілі на Фестываль постскульптуры, і што з гэтага выйшла. Сёлета рэжысёр прадставіць вынікі рызыкоўнага экзерсісу. Зазвычай схільная да інтымных інтанацый мастачка Антаніна СЛАБОДЧЫКАВА гэтым разам пакажа свой твор на самым прыкметным месцы.

Музычны складнік праграмы ўключае новы праект вядомага далёка па-за межамі Беларусі Паўла Цвіка LUCY FERRUM -- брутальны, іранічны і аўтарэферэнтны індастрыэл-рытуал; шызоідную дыскатэку ад карыфеяў немузычнай музыкі KRITCHEV vs. BAN; сінтэз паэзіі і сучаснага электроннага гука ФУЧА САУНД ОФ КОВШАР – доўгачаканы камбэк піянера беларускага медыя-арта Андрэя Савіцкага і Ганны Коўшар.

Куратары MMФПС – Павел Вайніцкі і Ілля Сін
Імпрэза ладзіцца пры падтрымцы Амбасады Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліке Беларусь і Чэшскага цэнтру ў Кіеве

7 лістапада
19:00

Уваход па квiтках у музей
вул. Азгура, 8

Інфа: +375 17 3800632





® а также