Рыгор Кобец. Шукальнік шчасця


17 снежня 2019 года беларускае кіно святкуе свой 95-гадовы юбілей. З гэтай нагоды Літаратурны музей Петруся Броўкі і Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прэзентуюць выставу, прысвечаную таленавітаму беларускаму драматургу, першаму прафесійнаму кінасцэнарысту Беларусі і аднаму з заснавальнікаў беларускага кіно – Рыгору Кобецу.

Рыгор Кобец (сапр. Міхаіл Мусіевіч Сандыга) нарадзіўся 24 ліпеня 1898 года (паводле іншых звестак, 20 ліпеня 1900 года) у г. Елісаветград на Украіне. Вучыўся ў царкоўна-прыходскай школе, народным рамесным вучылішчы, земскім рэальным вучылішчы Елісаветграда. Удзельнічаў у баях Першай сусветнай вайны ў 1914–1915 гг. у Галіцыі, быў паранены.

Пачаў друкавацца у елісаветградскіх газетах з 1917 года, пісаў вершы, апавяданні, артыкулы, фельетоны. У час грамадзянскай вайны быў анархістам на Украіне, у 1920 годзе служыў у 1-й Коннай Арміі Будзённага, удзельнічаў у мецяжы з мэтай аддзяліць Украіну ад Расіі. З 1921 года жыў у Мінску, дзе, апасаючыся арышту за “контррэвалюцыйную дзейнасць”, змяніў прозвішча Сандыга на Кобец. Працаваў качагарам, а пазней, у канцы 1920-х гадоў, – у рэдакцыі газеты “Рабочий”. З 1925 года член рускай секцыі “Маладняка” – “Звенья”, з 1929 года – член Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1935 года.

У 1931–1937 гг. працаваў на кінастудыі “Савецкая Беларусь” (загадчык сцэнарнага аддзела з 1932 года), пазней на студыі кінахронікі на Далёкім Усходзе. Аўтар папулярнай у свой час п’есы “Гута” (1929), паэмы “Палестына” (1933), сцэнарыяў фільмаў: “Двойчы народжаны” (1933), “Шукальнікі шчасця” (1936), “Дняпро ў агні” (1937).

Рыгор Кобец быў арыштаваны 15 ліпеня 1938 года, высланы ў Хабараўск. Зноў арыштаваны 5 снежня 1941 года і пастановай Асобай нарады атрымаў 10 гадоў лагераў. Будаваў чыгункі Тайшэт-Лена, ад станцыі Наўшка да Улан-Батара, потым знаходзіўся ў лагеры ў Заярску. З 1951 года на пажыццёвым пасяленні ў кыргызскіх стэпах (с. Кара-Балты Фрунзенскай вобласці) без права пражывання ў сталічных і абласных гарадах. У 1958 годзе яму было дазволена вярнуцца ў Мінск, цалкам рэабілітаваны ў 1960 годзе. У 1967 годзе па просьбе Кіраваградскага гісторыка-краязнаўчага музея напісаў успаміны (у тым ліку пра лагернае жыццё) “Аўтабіяграфія”, якая друкавалася ў Беларусі ў 1973 годзе са скарачэннямі. Аўтабіяграфічная тэма гучыць таксама ў аповесці пра сталінскія лагеры “Ноеў каўчэг” (1964, у поўным варыянце апублікавана ў 1989). Член Саюза кінематаграфістаў Беларусі з 1967 года. Памёр 9 верасня 1990 года ў Мінску і быў пахаваны на Паўночных могілках.

У гісторыю беларускага кіно назаўсёды ўвайшлі першы гукавы і першы беларускамоўны фільм “Двойчы народжаны” і камедыя “Шукальнікі шчасця”, знятыя па яго сцэнарах. За вялікі ўнёсак у станаўленне і развіццё беларускай кінематаграфіі, Рыгор Кобец у 1935 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

270