Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя "Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня"


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх жадаючых на часовую экспазіцыю “Біблія для народа 1692-1696 гг. Васіля Кораня”.

На экспазіцыі ўпершыню шырокаму колу наведвальнікаў прадстаўлены рэканструяваныя лісты першай гравіраванай Бібліі для народа ў малюнках, створанай нашым земляком – беларускім майстрам-разьбяром па дрэве Васілём Коранем з мястэчка Дуброўна (цяпер горад у Віцебская вобл.). Экспанаты для выстаўкі прадастаўлены музею кіраўніком Акадэміі народнага мастацтва, мастаком-графікам Віктарам Пензіным. Копіі Бібліі знаходзяцца ўсяго ў некалькіх музеях свету: у Ватыкане, Мексіцы, Мадрыдзе і ў Расіі – у Эрмітажы і Траццякоўскай галерэі. Уручаліся – Папу Рымскаму Яну Паўлу ІІ, Экзарху Беларусі – Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту, Патрыярху Кірылу.

Біблія для народа ў малюнках (па ўзоры “заходніх”) рэзалася Васілём Коранем на драўляных дошках і друкавалася ў Маскве ў 1692-1696 гг., дзе ён працаваў разам з іншымі выдатнымі беларускімі майстрамі, якія аздаблялі Гранавітую палату Маскоўскага крамля, працавалі ў Збройнай, Залатой і Сярэбранай палатах, іншых месцах Масквы, ствараючы дзівосныя мастацкія творы, што і цяпер уваходзяць у пералік высокамастацкіх скарбаў Расіі.

Асаблівая адметнасць Бібліі Васіля Кораня ў тым, што яе можна параўнаць па значнасці для славянскага пісьменства, духоўнай і гістарычнай спадчыны беларускага народа са спадчынай Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Гэты ўнікальны для Беларусі твор захаваўся ў адзіным экзэмпляры з тысячнага тыражу і знаходзіцца ў Дзяржаўнай бібліятэцы ў Санкт-Пецербурзе. Менавіта з Бібліі Кораня бярэ пачатак мастацтва сусветна вядомага рускага сюжэтнага лубочнага малюнка.

Пагартаць творы Васіля Кораня і Францыска Скарыны таксама можна на сэнсарным экране. Дзякуючы партнёрам праекта, разам з рэканструяванай Бібліяй Васіля Кораня на выстаўцы прадстаўлены Цыганская Біблія, Каран, іншыя ўнікальныя духоўныя кнігі на царкоўна-славянскай, польскай, украінскай, беларускай, іншых мовах.

4