Часовая літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Мудрасць вякоў”


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае ўсіх жадаючых на часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю “Мудрасць вякоў”, прысвечаную юбілеям вядомых гуманістаў-асветнікаў беларускай зямлі: Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага.

Еўфрасіння Полацкая – першая жанчына, кананізаваная Рускай праваслаўнай царквой у 1547 годзе і прылічаная да святых (1893). У келлі Полацкага Сафійскага сабора, дзе ў храмавым скрыпторыі перапісвала, а магчыма, і перакладала кнігі, яна вяла актыўную міратворчую і асветніцкую дзейнасць.

Кірыла Тураўскі – першы ў беларускай філасофскай і навукова-філалагічнай традыцыі поўна сфармуляваў першаступенную значнасць для жыцця чалавека кніжных ведаў, гуманітарнай навукі і пазнання.

Дзейнасць беларускага гуманіста-асветніка, заснавальніка ўсходне-славянскага кнігадрукавання, пісьменніка, паэта, перакладчыка, вучонага-энцыклапедыста, медыка Францыска Скарыны дазволіла беларусам ўжо ў 1517 г. атрымаць сваю друкаваную кнігу.

Вяршыняй літаратурнага, паэтычнага майстэрства Міколы Гусоўскага лічыцца “Песня пра зубра”, якая ўпершыню была выдадзеная ў Кракаве ў 1523 годзе. Гэта паэма – найвыдатнейшы ўзор старажытнага пісьменства Беларусі на лацінскай мове.

У 1562 выйшаў з друку “Катэхізіс” Сымона Буднага, напісаны ў форме пытанняў і адказаў. У сваёй прадмове да “Катэхізіса” аўтар адзначае, што яго кніга выдаецца не толькі з асветніцкіх мэтаў. Ён заклікаў шанаваць тагачасную беларускую мову і клапаціцца аб развіцці культуры, адукацыі і кнігадрукавання.

Васіль Цяпінскі – выключная асоба ў славянскай і еўрапейскай культуры, прадаўжальнік кнігадрукарскіх і асветніцкіх традыцый сваіх папярэднікаў. Адзін з першых прапаноўваў адкрываць нацыянальныя школы і развіваць айчынную навуку.

На экспазіцыі прадстаўлены: унікальнае выданне “Докторъ Францискъ Скорина: Его переводы, печатныя изданія и языкъ” П.Уладзімірава (1888 г.); мастацкія працы В.Барабанцава, У.Пасюкевіча, Г.Паплаўскага, Г.Ціхановіча, Э.Агуновіча, А.Цыркунова; ілюстрацыі Я.Куліка да паэмы “Песня пра зубра” М.Гусоўскага; факсімільныя выданні, навуковыя, літаратуразнаўчыя працы даследчыкаў, якія вывучалі жыццё і дзейнасць гуманістаў-асветнікаў.

Экспазіцыя будзе дзейнічаць да 25 сакавіка 2020 года.

Кантактны тэлефон: (017) 334-44-47; (017) 334-56-21

22