“Ой многа, як многа для думак дарог!” - музычны вечар студэнтаў класа заслужанай артысткі Беларусі дацэнта БДАМ В. С. Пятліцкай


20 мая 2021 года ў Вялікай гасцёўні музея адбудзецца канцэрт “Ой многа, як многа для думак дарог!” студэнтаў 3 курса спецыяльнасці “Акцёр музычнага тэатра” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Педагог па вакалу – дацэнт Валянціна Пятліцкая.

Заслужаная артыстка Беларусі Валянціна Сяргееўна Пятліцкая – актрыса Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (1974 – 2007), рэжысёр па ўводах. Запомніліся публіцы яскрава сыграныя ёю ролі Каралевы (“Шклянка вады” Ул. Кандрусевіча), Элізы (“Мая цудоўная ледзі” Ф. Лоў), Адэтты (“Баядэра” І. Кальмана), Ярынкі (“Вяселле ў Малінаўцы” Б. Аляксандрава) і інш. З 1993 года пачынаецца педагагічная дзейнасць Валянціны Сяргееўны – спачатку ў сталічнай сярэдняй школе № 170, затым – у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сярод выпускнікоў педагога – заслужаная артыстка Беларусі Юлія Шпілеўская, лаўрэат міжнародных конкурсаў кіраўнік творчага калектыву “Тэрыторыя мюзікла” Дзмітрый Якубовіч, лаўрэат конкурсаў і фестываляў Алена Дуброўская, вядомыя акцёры Дзмітрый Ратомскі, Яўген Карняг, Вікторыя Стрыганкова, Кацярына Машчэнка і іншыя.

Музычны вечар “Ой многа, як многа для думак дарог!” невыпадкова адбудзецца ў гасцінным доме Песняра. Якуб Колас заўсёды любіў музыку, добра спяваў, валодаў скрыпкай (навучыўся граць на ёй падчас навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі). Калі жыў у Мінску, у доме на Вайсковым завулку, скрыпка вісела над яго ложкам, і Пясняр часта іграў на ёй. Цудоўны голас быў ў жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч. У нашым музеі захоўваецца скрыпка, але яна належала не самому Якубу Коласу, а яго свату, вядомаму дзіцячаму пісьменніку Янку Маўру. Ёсць і ўнікальны раяль пачатку мінулага стагоддзя. Яго Канстанцін Міхайлавіч набыў для сваіх унукаў, бо разумеў карысць музычнай адукацыі. Паэт вельмі любіў слухаць па радыё народную музыку а таксама царкоўныя хоры (амаль у кожным пакоі дома стаяў радыёпрыёмнік).

У музычным вечары “Ой многа, як многа для думак дарог!” прагучаць творы беларускіх кампазітараў, народныя песні, знакамітыя арыі з опер і аперэт. Пачатак а 16 гадзіне.

Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

e-mail: info@kolasmuseum.by

сайт: www.kolasmuseum.by

160